За сцяг на намёце ў лесе — 30 сутак
Жыхара Навагрудку Віктара Мацкевіча асудзілі на 30 сутак за незаконнае пікетаванне. Яго абвінавацілі ў тым, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у лесе, піша Свабода. Прысуд вынеслі ў судзе Дзятлаўскага раёну 22 чэрвеня.
Мацкевіча затрымалі 19 чэрвеня ў лесе паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёну каля ракі Моўчадзь. Мужчына адпачываў на прыродзе ў выходны дзень з намётам, які стаяў у лесе. Аднак гэта не перашкодзіла міліцыянтам расцаніць адпачынак з БЧБ-сцягам як «несанкцыянаванае пікетаванне».
Яго абвінавацілі ў тым, што ён вывесіў «палатно бел-чырвона-белага колеру на намёце».
Справу разглядала суддзя Натальля Лобан.
Таксама ў судзе Дзятлаўскага раёну затрымалі сяброўку Мацкевіча Ірыну Трафімік, якая прыехала яго падтрымаць на суд. Ірына ў перапынках на судовым паседжаньні абуралася тым, што судзяць яе сябра, але абразаў ці лозунгаў не выказвала.
Паводзіны Трафімік не спадабаліся намесніку начальніка Дзятлаўскага РАУС Уладзіміру Святоху (ён жа і затрымліваў Мацкевіча). Міліцыянт паведаміў, што яе затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне, артыкул невядомы. У Ірыны двое непаўналетніх дзяцей.