За «Крумкачоў» заўзелі ў новым фармаце
Заўзятары сталічнай каманды ўпершыню сабраліся
ў гульнявой прасторы Quvalda, каб падтрымаць яе ў матчы супраць мозырскай "Славіі".
Мерапрыемства праходзіла ва ўтульнай і хатняй атмасферы. Дзясяткі заўзятараў прыйшлі на трансляцыю матча разам з сябрамі, а хтосьці нават са сваёй другой паловай і дзеткамі, як гэта зрабіла сям’я Вольгі і Віталя Шыкаўкі разам са сваім пяцігадовым сынам Уладам:
— “Крумкачы” — гэта не проста наша любімая каманда: у ёй гуляе наш родны — Яўген Шыкаўка. І мы вельмі ганарымся, што ён уваходзіць у лік мацнейшых гульцоў. Мы заўсёды актыўна заўзеем за “Крумку” і Яўгена. Сёння мы ўпершыню падтрымліваем іх у такім новым фармаце, які нам прыйшоўся даспадобы, бо самі разумееце: як бы ты не любіў футбол, досыць складана ў пятніцу пасля працоўнага тыдня вырвацца ў Мозыр на гульню, а тут можна ў камфортнай атмасферы нават на адлегласці падтрымаць любімы клуб. Цудоўна!
— Добрая гульня! Мне падабаецца, — дапаўняе з сур’ёзным выглядам бацькоў маленькі Улад. — Я заўсёды гучна крычу і падтрымліваю. І сябрам сваім распавядаю, які у мяне круты дзядзя. Але ў футбол не пайду, буду ў ДАІ працаваць!
Многія заўзятары адзначаюць, што ім вельмі імпануе цёплая і сямейная атмасфера, якая пануе на матчах “Крумкі”.
— Дагэтуль я асабліва не сачыў за футбольнымі падзеямі. Выключэнне складалі, хіба, чэмпіянаты свету ці Еўропы, — распавядае пра свой заўзятарскі досвед Яўген Руды. — А напрыканцы мінулага года я пачуў пра “Крумкачоў”, і яны мяне зачапілі. Мне стала наўпрост цікава: чаму столькі народу наведвае іх матчы і актыўна абмяркоўвае іх у інтэрнэт-прасторы? Паглядзеў адну з гульняў, пазнаёміўся бліжэй з камандай, а потым усю зіму чакаў, калі пачнецца новы сезон!
У Беларусі так доўга чакалі, калі ж у нас нарэшце з’явіцца свая, па-сапраўднаму народная каманда, за якую можна заўзець разам са сваімі роднымі, без усялякіх там боек і эксцэсаў. Я ўжо другі раз заўзею за “Крумку” у новым фармаце. Першы раз мы сядзелі ў адной са сталічных кавярняў і гэта было не вельмі зручна, бо побач сядзелі іншыя людзі, якія прыйшлі сюды проста паесці. Мы ім перашкаджалі, а яны нам. Ад гэтага псавалася ўся атмасфера. Таму мне вельмі падабаецца такі фармат, як сёння, бо адмыслова падобрана месца, куды мэтанакіравана прыйшлі людзі, каб пазаўзець.
— Ідэя ўзнікла яшчэ ўзімку, калі мы рыхтаваліся да новага сезона, — адзначае спецыяліст па працы з заўзятарамі ФК “Крумкачы” Аляксей Важнік. — Арганізацыя фан-зоны і сумесны прагляд трансляцый гульняў для нас пакуль новы досвед. Не ва ўсіх заўзятараў заўсёды ёсць магчымасць наведваць матчы ў будні дзень так далёка, а мы не можам пакінуць іх без футбола і яскравых эмоцый. Чым больш будзе неабыякавых да футболу людзей, тым лепш. Мы пакуль робім нашы першыя крокі. Гэта складаная і вялізная праца, але яна імкліва рухаецца наперад. Тая ж Беларуская федэрацыя футболу таксама прыкладае апошнім часам шмат намаганняў па працы з заўзятарамі: створана новая арыгінальная форма для гульцоў, цікавы маскот.
Істотна, каб, як мага больш людзей, у тым ліку і міліцыя, зразумела, што футбол — гэта цікавая гульня, якая прыносіць асалоду тысячам заўзятарам, а не толькі бойкі і хуліганы. Мне крыху зайздросна стала, калі я ў Англіі пабачыў, як там паўтары-дзве тысячы людзей кідаюць усе свае справы і разам са свімі сем’ямі выпраўляюцца на выяздны матч, каб падтрымаць любімую каманду. Так мусіць быць і у нас!
Трэба адзначыць, што ў той жа Нямечынне, дзе культура заўзення знаходзіцца на высокім узроўні, у свой час таксама прыкладался шмат высілак па працы з заўзятарамі, у тым ліку, і на дзяржаўным узроўні. Сёння пры кожным клубе дзейнічае адмысловая фан-зона, дзе збіраюцца заўзятары самых розных узростаў, адпачываюць, абмяркоўваюць апошнія футбольныя навіны і г. д. З дзецьмі і падлеткамі там працуюць прафесійна падрыхтаваныя сацыяльныя работнікі. Пры гэтым ніхто не спрабуе неяк кантраляваць і аказваць ціск на заўзятараў: яны вольныя крытыкаваць і ўплываць на палітыку клуба, калі ім нешта не падабаецца ў ім.
— Гэта наш першы досвед правядзення такога кшталту мерапрыемства, і мы вельмі рады, што ўсё атрымалася, як мае быць, і заўзятарам спадабалася ў нас, — распавядае кіраўнік гульнявой прасторы Quvalda Юрый Алейнік. — Сёлета мы паспяхова арганізоўвалі трансляцыю гульняў Еўра-2016. Сярод стваральнікаў нашай гульнявой прасторы шмат футбольных заўзятараў, асабліва “Крумкачоў”. Гэта — хлопцы-андэрдогі, якія без моцных фінансавых уліванняў вельмі хутка прабіліся ў вышэйшую лігу беларускага футбола, што не можа не выклікаць павагі.
Гульні “Крумкі” наведвае і шмат прыгожых дзяўчат. Наста Курныш адна з іх:
— Я больш за год заўзею за іх. Мне падабаецца, што на гульнях пануе па-сямейнаму ўтульная атмасфера. Ніхто ніколі не пытаецца ў мяне, што я тут раблю і чаму падтрымліваю менавіта “Крумку”, але для сябе я адказ ведаю: тут — годныя хлопцы, якія гуляюць не за грошы, а за ідэю і на раўных спаборнічаюць з прафесійнымі футбалістамі. Так хутка выйсці ў вышэйшую лігу, як іх за гэта можна не любіць?!
На жаль, гэтым разам “Крумкачы” з мінімальным лікам 0:1 саступілі мозырскай “Славіі”, але пачатак файнай традыцыі заўзення закладзены!
Фота аўтара і арганізатараў мерапрыемства