Выкладчыка каледжа з Буда-Кашалёва за хабар прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі
Выкладчык Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа 1983 года нараджэння прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ад навучэнцаў.
Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда,
абвінавачанаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць выкладчыцкія пасады, звязаныя з прыёмам экзаменаў, залікаў,
абаронай курсавых і іншых работ у навучэнцаў, на пяць гадоў.
Пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага больш за 10
мільёнаў рублёў у даход дзяржавы. Арыштаваную маёмасць абвінавачанага — мабільны тэлефон, аўтамабіль "Таёта RAV-4", пральную машыну і тэлевізар LG —
у адпаведнасці з прысудам вызначана пакінуць для накіравання ў даход дзяржавы ў парадку канфіскацыі маёмасці.
Падчас судовага разбору абвінавачаны сваю віну не прызнаў.
Аднак учыненае ім поўнасцю было пацверджанае ў судзе паказаннямі сведак, а таксама паказаннямі сведак, дадзенымі ў ходзе папярэдняга следства па справе, іншымі матэрыяламі справы.
З кастрычніка 2012 года па сакавік 2015-га выкладчык за незаконнае ўзнагароджанне рыхтаваў ад імя навучэнцаў курсавыя праекты па сваёй дысцыпліне. У далейшым без належнай праверкі ведаў навучэнцаў або наогул без нейкай праверкі пры прыёме гэтых курсавых праектаў выстаўляў навучэнцам станоўчыя адзнакі ў ведамасць, журнал заняткаў і кніжку паспяховасці. За гэта атрымліваў ад навучэнцаў замежную валюту і беларускія рублі, а таксама таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Памер хабару складаў, як правіла, суму, эквівалентную 50 доларам ЗША. Устаноўленыя факты перадачы абвінавачанаму каністраў з бензінам і дызельным палівам.
Паводле: БЕЛАПАН