Вольга Шпарага: Адчуванне, што яны баяцца больш, чым мы

Пра тое, што сябру асноўнага складу Каардынацыйнай рады філосафа Вольгу Шпарагу затрымалі разам з мужам Аляксандрам Адамянцам, стала вядома ўдзень 4 кастрычніка. На волі Вольга была ўжо менш як праз суткі. Яна расказала Свабодзе, што затрыманне не звязанае з яе дзейнасцю ў КР.

olga_interaction_2016.jpg

«Затрымалі нас разам з усімі іншымі мінчанамі, як гэта звычайна адбываецца па нядзелях, — кажа Вольга. — На Кальварыйскай пад’ехалі бусікі, пачалі выхопліваць людзей з натоўпу. Яны галоўным чынам палявалі на мужчын, а я не захацела аддаваць мужа. І вось мой муж папаўся, і я неяк вырашыла, што таксама пайду. Не аддам яго проста так».
Пасля гэтага Вольгу і Аляксандра адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, а адтуль — у турму Жодзіна. Па яе словах, разам з ёй і мужам на вуліцы Кальварыйскай затрымалі яшчэ 23 чалавек. Іх усіх таксама адвезлі ў Жодзіна і ўжо на наступны дзень асудзілі. Самой Вользе з мужам не так «пашанцавала».
«Было незразумела ўвогуле, што нам пагражае, — прызнаецца Вольга. — Я сказала, што мы маем адваката, і нас выпусцілі з позвай да суда. Ён адбудзецца ў Смалявічах, неабходна будзе з'явіцца на паседжанне. Дата пакуль не вызначаная. Мне патэлефануюць і паведамяць, калі будзе суд».
Вольга расказвае, што сілавікі паводзілі сябе жорстка. Па дарозе ў Жодзіна ў аўтазаку на падлогу паклалі бел-чырвона-белы сцяг, на мужчын крычалі, наносілі ім удары.
«Яны робяць выгляд, што яны страшныя, — кажа Вольга. — Але нават у турме яны ў балаклавах, і ад гэтага, канечне, адчуванне, што яны баяцца больш, чым мы. Вядома, там ёсць усё гэтае накшталт „рукі трымаць за спінай“, „рухацца ў пэўным рытме“. Яны ствараюць для нас уражанне, што мы страшныя злачынцы і з намі трэба жорстка абыходзіцца. Не біць, але абыходзіцца як са злачынцамі. Але пры гэтым ты бачыш, што яны не здымаюць балаклавы.
У мяне ад гэтага страх знікае. Вядома, у турме лепш не рабіць нечага, што выкліча гвалт. Бо яны гатовыя да гэтага, гатовыя лішні раз ударыць і голас павысіць. Але пры гэтым у мяне склалася ўражанне, што тэрыторыя іх улады вельмі абмежаваная».
Паводле інфармацыі МУС, 4 кастрычніка на несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі 317 чалавек, 258 з іх пакінулі пад вартай.