Віктар Бабарыка: Зло — вар'яцкае і недаўгавечнае
«Не здраджваць сабе — самая правільная пазіцыя». Новы каментар Віктара Бабарыкі з-за кратаў пра зло і яго непазбежны фінал.
![babaryka_new.jpg babaryka_new.jpg](/img/v1/images/babaryka_new.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Што тычыцца
таго жаху, у які пагружаны свет паводле капрызу асобных служкаў сусветнага зла
і вар'яцтва, дык тут найлепш узгадаць словы Чэрчыля: «Калі вы ідзяце праз
пекла, не спыняйцеся!»
Менавіта працягваць жыць ва ўпэўненасці непазбежнай перамогі справядлівасці і не здраджваць сабе — самая правільная пазіцыя.
На працягу тысячагадовай гісторыі чалавецтва яшчэ не было ніводнага прыкладу доўгатэрміновай перамогі вар'яцтва. Нават прыклад Паўночнай Карэі паказвае, што ізаляваныя суветы могуць існаваць доўга ў рамках параўнання з чалавечым жыццём, але яны асуджаныя на заняпад і маргінальнасць. Шлях у нікуды, знікненне з карты свету і паміранне — фінал відавочны. Можна толькі рэгуляваць хуткасць падзення.
Уяўная слабасць дабра вызначаецца толькі кароткатэрміновасцю і цынічнасцю зла. Менавіта з-за немагчымасці выкарыстоўваць гвалт як інструмент, у пэўны момант кароткатэрмінова перамагае нянавісць. Аднак прыходзіць час — і ўсё зноў вяртаецца на свае кругі. Зло разбурае і нявечыць. Яно не здольнае нічога стварыць. Таму недаўгавечнае і вар'яцкае.