Віцебскую блогерку аштрафавалі за тое, што здымала, як бяруць тэсты на каронавірус
У віцебскім судзе Кастрычніцкага раёна стваральніцу відэаблога «Снимать разрешено» Вольгу Жураўскую прызналі вінаватай у хуліганстве — за тое, што яна здымала, як бяруць тэсты на каронавірус у віцебскім супрацьсухотным дыспансеры, а пазней выклала відэаролік у інтэрнэт.
Паводле артыкула
17.1 КоАП суддзя Уладзімір Царыкаў аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь (810
рублёў), паведамляе Радыё Рацыя.
Заяву ў міліцыю на Вольгу Жураўскую напісаў лекар, які праводзіў прыём.
Блогерка тлумачыла ў судзе, што прывяла на аналіз свайго сына, які кепска сябе адчуваў, а ў нядаўнім мінулым кантактаваў з хворым. І здымала яна найперш свайго сына, але — з інфармацыйнымі мэтамі. Алена Янушкоўская, таксама віцебская блогерка, якая была на судовым працэсе, тлумачыць:
— Па паказаннях вяла туды хлопца свайго, і паколькі ў нас няма інфармацыі пра каронавірус у краіне, яна хацела зняць, як адбываецца прыём, як праводзяць аналіз. Каб данесці інфармацыю, запытацца ў лекара, што да чаго, што рабіць, што трэба…
З самой Вольгай Жураўскай звязацца па сканчэнні суду не ўдалося. У 12.01 у Telegram-канале “Витебск Для Жизни Chat” яна паведаміла, што каля дома яе перастрэлі і затрымалі супрацоўнікі міліцыі. “Батарэя амаль што села, я без сувязі”, — напісала блогерка.