У Беларусі ўжо 152 выпадкі COVID-19

Сёння, 30 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя апублікавала афіцыйную колькасць зарэгістраваных выпадкаў каронавіруса ў Беларусі — 152. А ў пятніцу, 27 сакавіка, было 94 выпадкі COVID-19.

Фота www.racyja.com

Фота www.racyja.com

Цяпер выпісаныя альбо чакаюць хуткай выпіскі 47 чалавек, у якіх тэст на COVID-19 раней быў станоўчым. Працягваецца медыцынскае назіранне і лячэнне 105 чалавек.

У Беларусі на сёння праведзена больш за 30 тысяч тэстаў на каронавірусную інфекцыю.

“Працягваюцца мерапрыемствы па кантролі за эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася, і ў выпадку неабходнасці будзе здзейсненая шпіталізацыя пацыентаў для далейшага назірання і абследавання. Так, за мінулыя суткі шпіталізаваныя 110 чалавек, выпісаныя 144 чалавекі, у тым ліку тыя, якія мелі кантакты з носьбітамі інфекцыі”, — паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Міністэрства аховы здароўя публікуе статыстыку па колькасці захварэлых COVID-19 не кожны дзень. Апошнія афіцыйная інфармацыя Мінздароўя па сітуацыі з каронавірусам у краіне да таго была апублікаваныя ў пятніцу, 27 сакавіка. На той момант у краіне было зарэгістравана 94 выпадкі COVID-19. Медыкі назіралі і лячылі 62 чалавекі.

Каранцін у Беларусі не абвешчаны, межы не закрываліся, адзінае, з 27 сакавіка быў уведзены 14-дзённы каранцін для ўсіх, хто прыязджае з краінаў, дзе зарэгістраваныя выпадкі COVID-19. Спіс гэтых краін апублікаваны на сайце Мінздароўя.