«Вам будзе сорамна перад дзецьмі, якімі вы цяпер прыкрываецеся» (відэа)

Супрацоўнік «Гродна Азоту» Уладзімір Жураўка запісаў відэазварот, у якім паведаміў, што далучаецца да стачкі.

«Я вымушаны запісваць гэтую заяву, пакуль я знаходжуся на бальнічным і на волі», — гаворыць Уладзімір Жураўка. Ён мяркуе, што неўзабаве яго могуць звольніць, а таксама затрымаць і пасадзіць на суткі.
Уладзімір Жураўка распавядае, што 26 кастрычніка яго разам з іншымі супрацоўнікамі «Гродна Азоту» затрымліваў АМАП.
«Я чуў гэтыя крыкі ў аўтобусах, хто мы і што мы для іх. І, ведаеце, з імі цяжка паспрачацца. Бо яны маюць рацыю. Чаму мы не ***, калі мы ідзем пасля дубінак і ўсё роўна працуем?», — разважае супрацоўнік «Гродна Азоту».
Ён распавядае, што ўжо тыдзень у самых пажаранебяспечных цэхах прадпрыемства працуюць цалкам не ўкамплектаваныя змены. Людзей клічуць у цэх без усялякіх праверак ведаў. 
Таксама Уладзімір узгадвае свайго калегу Аляксандра Жука, якога затрымалі 27 кастрычніка і па надуманых падставах арыштавалі на 30 сутак. На працы адсутнасць Аляксандра палічылі прагулам і звольнілі яго.
«Немагчыма глядзець, што робяць з работнікамі культуры, медыцыны, з легендамі нашага беларускага спорту. І ўсім пляваць — усе ідуць і ўсё роўна працуюць, — эмацыйна гаворыць Уладзімір. — Калі вашыя дзеці вырастуць, ім будзе сорамна сказаць пра тое, што рабілі вы ў такі цяжкі, пераломны момант для краіны, калі мы дасягнулі прававога дна. Вам будзе сорамна перад гэтымі дзецьмі, якімі вы цяпер прыкрываецеся.
Шкада, што насамрэч добрых, смелых, сумленных людзей аказалася не так шмат, як мы верылі», — падсумоўвае супрацоўнік «Гродна Азоту».