Вадзім Мажэйка: Найгоршы варыянт — калі нехта з «Байпола» акажацца агентам

Аб'яднаны пераходны кабінет не выявіў уцечкі інфармацыі праз канфлікт у «Байполе», гаворыцца ў распаўсюджанай сёння заяве. Але пытанні засталіся. Пра прычыны і магчымыя наступствы сітуацыі, якая склалася, пагаварылі з Вадзімам Мажэйкам, каардынатарам экспертнай сеткі «Наше мнение».

mycollages__32_.jpg


— Галоўнае пытанне: па якіх прычынах скандал выліўся ў публічную прастору, каму гэта выгадна?
— Што да прычын канфлікту, то гэта натуральная з’ява. У розных ініцыятывах канфлікты здараюцца, здараюцца закадравыя ратацыі, часам узнікае рознае разуменне прынцыпаў работы, прынцыпаў унутранай справаздачнасці, прынцыпаў даверу. Так, часам даходзіць і да канфліктаў, проста большая частка да публікі не трапляе. Тая фактура, якая ёсць у канфлікце «Байпола» — досыць тыповая для канфліктаў у недзяржаўных арганізацыях, як я бачу са свайго досведу за апошнія 10 гадоў. Часцяком узнікаюць пытанні: хто, каму і наколькі справаздачны?
Мне здаецца, што корань канфлікту палягае яшчэ і ў тым, што «Байпол» фактычна ствараўся не як аб’яднанне людзей, якія адзін аднаго доўга ведаюць, давяраюць, а, так бы мовіць, па класавай прыкмеце, — аб’яднанне тых, хто раней быў у Беларусі сілавікамі. Адпаведна, ніхто не гарантаваў, што калі вы раней мелі агульны напрамак працы, то будзеце ўсе сябраваць. Насамрэч невядома, там ці то праблема з фінансамі, ці то з захопам сацсетак, ці то з чым, але дакладна вядома, што ўнутры «Байпола» дамовіцца не змаглі. Публічнасць канфлікту дрэнная з пункту гледжання іміджу дэмакратычных сілаў: псуе яго, людзі стануць менш давяраць.
Але публічнасць мае і свой плюс, прынамсі, праблемы не хаваюцца пад стол, а публічна абмяркоўваюцца, будзе нейкі публічны разбор, у сітуацыю ўпісаўся Офіс Ціханоўскай, паколькі Азараў ёсць сябрам Аб’яднанага пераходнага кабінета. Таму паглядзім, будзем чакаць нейкіх дакументаў, публічных пазіцый бакоў, тады стане больш ясна, хто мае большую рацыю.  
Пытанне пра тое, каму выгадны канфлікт, я б падзяліў. Неабавязкова, што тыя людзі, якія атрымаюць выгаду ад канфлікту, яго і справакавалі. Канфлікты ў апазіцыі найперш выгадныя рэжыму, гэтак жа, як і канфлікты сярод рэжыму (паміж элітамі, чыноўнікамі) выгадныя яго апанентам. Не таму, што ўмоўныя Ціханоўская з Латушкам пасварылі Лукашэнку з міністрамі, а ў любым выпадку яны выгадныя апаненту. Тое самае і тут: канечне, рэжым у выйгрышы, але разам з тым гэта не азначае, што рэжым справакаваў канфлікт. Мы ж ведаем, што ўнутры недзяржаўных арганізацый многія канфліктуюць без усякага ўдзелу рэжыму — гэта звычайная рэч.
— Офіс Святланы Ціханоўскай распачаў праверку і ўжо паспяшаўся аб’явіць, што ўцечкі сакрэтных звестак не адбылося. Але горшае ўжо адбылося. Як адаб’ецца скандал на даверы да дэмакратычных сілаў?
— Мне здаецца, што горшае — гэта калі стане дакладна вядома, што нехта з «Байпола» з’яўляецца агентам рэжыму і ўся інфармацыя пра сябраў плана «Перамога» ёсць у КДБ. А тое, што нехта публічна пасварыўся, не так ужо і катастрафічна.
— Як гэты скандал характарызуе сітуацыю ўнутры самой апазіцыі? Ці стануць разборкі «Байпола» першай ластаўкай далейшага разладу ў дэмакратычным лагеры?
— Я б сказаў, што гэта дакладна не першая ластаўка, бо ўсе ходзяць строем толькі ў войску, жорсткая дысцыпліна пануе ў аўтарытарных структурах, а ў структурах вольных, дэмакратычных, натуральна, людзі могуць мець розныя погляды, могуць сварыцца адзін з адным. Умоўна кажучы, у ЛДПБ Гайдукевіча мы не ведаем ні пра якія канфлікты проста таму, што гэта нежывая структура, недэмакратычная, а ў БНФ была процьма расколаў не таму, што ён горшы за ЛДПБ, а наадварот, таму што ён быў жывы. Канфлікты, расколы суправаджаюць дэмакратычны рух ва ўсіх краінах, гэта нармальная з’ява. І ў Беларусі так было. Насамрэч ужо пасля 2020 года адбываліся ратацыі і ў НАУ, і ў «Байсоле», і ў Офісе Ціханоўскай, і ў іншых структурах. Збольшага гэтыя кадравыя ратацыі, канфлікты ўнутраныя, якія не трапляюць у публічнае поле, не прыцягваюць столькі ўвагі. Цяперашнія ратацыі і канфлікты ў зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыях не такія цікавыя для журналістаў, як скандал у «Байполе».
Але, паўтаруся, гэта натуральны працэс. Галоўнае — што будзе пасля, калі ўдасца захаваць «Байпол» у перафарматаваным складзе, з новымі дамоўленасцямі пра прынцыпы працы, пра прынцыпы справаздачнасці; калі атрымаецца працягнуць працу і не дапусціць зліваў прыватнай інфармацыі, тады атрымаецца канструктыўны канфлікт. Канечне, калі структура разваліцца, звесткі ўцякуць, а супраціў «Байпола» будзе спынены, гэта будзе дрэнна. Але ўсё залежыць ад таго, як канфлікт будзе разрулены, наколькі ўсе яго бакі пакажуць палітычную сталасць.