Ва Украіне працягваюцца сустрэчы школьнікаў з беларускімі добраахвотнікамі (фота)

Ва Украіне працягваецца праект, накіраваны на інфармаванне ўкраінскіх школьнікаў пра ўдзел беларускіх добраахвотнікаў у вайне.

zubr9.jpg


Арганізатарам праекту з’яўляецца Грамадскі сектар Атрада «Пагоня» пры падтрымцы Народнага дэпутата Украіны — Ігара Гузя.
Гэтым разам беларускі добраахвотнік «Зубр» сустрэўся з навучэнцамі школ №5 і №8 горада Ковеля. У сваім выступе беларускі баец зрабіў акцэнт на ўдзеле замежных грамадзянаў у барацьбе за цэласнасць Украіны. Асобна добраахвотнік спыніўся на пытанні з’яўлення беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў — атрада «Пагоня» і Тактычнай групы «Беларусь».
Украінскія школьнікі праявілі актыўнасць і з цікавасцю задавалі пытанні, якія ў асноўным тычыліся Беларусі. Школьнікаў цікавіла ці не шкадуе «Зубр», што прыехаў абараняць іншую краіну, і, змяніў бы ён свой выбар, калі б вярнуць час назад.
«Адназначна не шкадую і не змяніў свой выбар. Я не верыў, што ў 21 стагоддзі ў Еўрапейскай частцы свету магчымая вайна. Але калі ўбачыў, што Майдан «перарос» у АТО не змог уседзець дома, разумеючы, калі гэта не спыніць, то і мая краіна пацерпіць», — адзначыў «Зубр».
Напрыканцы кожнай з сустрэч, украінскія школьнікі змаглі сфатаграфавацца з добраахвотнікам.


Паводле прэс-службы Грамадскага сектара Атрада «Пагоня»