Увосень міліцыянт у Жодзіне ўдарыў жанчыну. Іншая дзяўчына зняла з яго маску, цяпер на яе завялі «крыміналку»
Жодзінцы пагражае 6 гадоў, на сілавіка справу ўвогуле не завялі.
Крымінальная справа па факце гвалту над міліцыянтам пачатая на жыхарку Жодзіна Анастасію Герыловіч. Дзяўчыну затрымалі 7 красавіка, праз два дні адпусцілі з ІЧУ пад паручальніцтва, цяпер яна чакае суда.
Падзеі, якія сталі нагодай для крымінальнай справы, адбыліся
ў Жодзіне 13 верасня 2020 года і мелі вялікі розгалас. Тады каля гандлёвага
цэнтра міліцыянт так ударыў жанчыну, якая здымала яго на тэлефон, што яна
павалілася на асфальт. Пасля гэтага Герыловіч падышла і зняла маску з
міліцыянта. За гэта на яе пачалі крымінальную справу.
«У аўторак, 6 красавіка, мне распавялі пра допіс у
сацсетках, што міліцыя шукае таго, хто сарваў маску з міліцыянта, які 13
верасня мінулага года ўдарыў жанчыну каля ГЦ "Элегант". Я прыехала з
працы дадому і сказала маме, што ў нас пачынаюцца праблемы. Як потым выявілася,
у міліцыі ёсць відэа. На ім бачна, што пасля таго, як міліцыянт ударыў жанчыну
і яна павалілася, я падышла да яго, зняла маску, ён схапіў мяне за руку,
утрымліваў, потым натоўп пачаў навальвацца і ён мяне адпусціў», —
распавядае Анастасія ў каментары ex-press.by.
Максімальнае пакаранне па артыкуле 364 («Гвалт альбо
пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных
спраў») — шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, на самога міліцыянта Бараноўскага, які стукнуў
жодзінку Наілю Гусакову так, што яна павалілася, крымінальную справу пачынаць
не сталі. Следчы камітэт заявіў, што Бараноўскім не былі «перавышаныя межы
прымянення фізічнай сілы, а прычыненая шкода адпаведная сіле процідзеяння, якое
пераадольвалася, у тым ліку меркаванага».
Паводле «Еўрарадыё».