Маці пяцярых дзяцей Іна Дабратвор пасля вялікіх штрафаў з'ехала ў Польшчу
Шматдзетная маці Іна Дабратвор, аштрафаваная на вялікую суму за «палітычныя партрэты» ў вокнах, выехала ў Польшчу. Іну судзілі адразу па трох пратаколах паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Падставай сталі партрэты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і выява гербу «Пагоня» на вокнах уласнай кватэры, піша «Свабода».
Суддзя Заводскага раёна Мінска Алена Някрасава расцаніла
гэта як несанкцыянаваны пікет і прысудзіла жанчыне штраф у памеры 200 базавых
велічынь — 5800 рублёў.
Мінскі гарадскі суд 19 красавіка скараціў памер спагнання
на 50 базавых. Інтарэсы жонкі прадстаўляў Ілля Дабратвор, бо жанчына пасля
судовага рашэння часова выехала ў Польшчу, спадзеючыся знайсці там працу.
«Ад’езд быў пазапланавы. Тое цкаванне, якое ўчынілі
сілавікі, вымусіла эвакуявацца... Паводле закону ў нас ёсць змякчальныя
абставіны, аднак Заводскі суд прызначыў максімальнае пакаранне. Нават для
беларускіх судоў гэта шмат», — сказаў Ілля Дабратвор «Беларускаму партызану».
Паводле яго слоў, для шматдзетнай сям’і, у якой бацькі абое
працуюць журналістамі-фрылансерамі, 5800 рублёў — гэта астранамічная сума.
Нават 150 базавых у «сацыяльнай дзяржаве» — вельмі шмат. Штрафы адпавядаюць
узроўню даходаў амерыканцаў, хоць Беларусь пакуль не штат ЗША, іранізуе Ілля
Дабратвор.
Пасля 9 жніўня 2020 году мужа і жонку Дабратвораў
аштрафавалі больш як на 6 000 рублёў, а калі падсумаваць усе затрыманні, у тым
ліку на некалькі гадзін, выйдзе больш за два тыдні агульнага тэрміну.