Уладзімір Някляеў: Рашэнне пра перавод Бабарыкі пад хатні арышт ужо прынятае

Паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў выказаўся наконт магчымасці пераводу Віктара Бабарыкі пад хатні арышт.

babariko_13_2_logo_1.jpg


Сёння ў СМІ разам з інфармацыяй пра “Марш суседзяў” (які стаў яшчэ адным доказам таго, што беларусы акупантам здавацца не збіраюцца), шмат канспіралагічных допісаў пра вызваленне Віктара Бабарыкі з турмы з адпраўкай яго на Кіпр.
Пра Кіпр пазней, а тое, што з турмы Бабарыку збіраюцца перавесці пад хатні арышт, стала зразумела без ніякіх канспіралогій пасля ператрусу ў ягоным доме 18 лістапада, у выніку якога не ўзялі нічога, апроч паляўнічай стрэльбы.
З чаго стала зразумела? З уласнага досведу ў 2010 годзе. Перад тым, як перавесці мяне з турмы пад хатні арышт, у маім доме было тое самае. І тое, што называлася ператрусам, было насамрэч аглядам месца, куды пераводзіцца з турмы арыштант. Глядзелі, якія ёсць магчымасці для пабегу, дзе размясціць ахову. І, зразумела, арыштанту нельга пакінуць зброю. Таму і забралі стрэльбу, якая нікога не цікавіла пры ранейшым ператрусе.Цяпер пра Кіпр.
Ноччу ў "Амерыканцы" (турме КДБ) мяне прывялі на допыт: “Принято решение (шматзначны позірк у столь) о смягчении меры пресечения с переводом под домашний арест. Но при условиях…» І пачалі называцца ўмовы-прапановы.
Адна з іх: выехаць у Фінляндыю. “Вы там жили, вас туда приглашают".
З усіх умоў я згадзіўся толькі на дэтэктар маны, бо ўсе мае дзеянні былі адкрытымі – і мне не было чаго хаваць. Больш ні на што. І тым не менш, пацягнуўшы час, мяне перавялі пад хатні арышт. Гэта было не іх рашэнне, яны вымушаныя былі гэта зрабіць пад ціскам Еўразвязу і ЗША.
Думаю, з Бабарыкам ідзе падобны гандаль. І мяркую, што ён не згаджаецца пакінуць Беларусь, разумеючы, як гэта будзе скарыстана. Таму перавод пад хатні арышт зацягваецца. Але рашэнне гэткае ўжо прынятае, і прынятае яно пад такім ціскам, што наўрад ці яго можна адмяніць.