Уладзімір Някляеў: «Нельга дапусціць, каб уся наша гісторыя перапісвалася пад аднаго чалавека»

Паэт і палітык выказаўся пра апошнюю ініцыятыву Генпракуратуры.

118205737_1998517386944899_3480052281641368265_o.jpg

Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Facebook выказаўся пра магчымае прызнанне БЧБ-сцяга экстрэмісцкім.
«Нельга дапусціць, каб уся наша гісторыя перапісвалася пад аднаго чалавека, які прагне давесці, што Беларусь пачалася з яго.
Якраз з ім яна можа скончыцца. «Гісторыку» Лукашэнку пляваць як на гісторыю мінулую, гэтак і на будучыю. Усе ягоныя рашэнні маюць выключна надзённыя мэты. І рашэнне пра экстрэмізм нацыянальнага сцяга з таго ж шарэгу: яно загадзя ўзаконьвае вялікую кроў, якую ён гатовы праліць дзеля таго, каб застацца ва ўладзе.
Яно развязвае рукі як тым, хто загадвае страляць, гэтак і тым, хто страляе! Бо адно – забіваць людзей з нацыянальнымі сцягамі, і зусім іншае – забіваць экстрэмістаў. З імі, маўляў, ва ўсім свеце не цацкаюцца...
“Ёсць толькі Сімвал...”, – кажа Гётэ ў Фаўсце. Толькі ён вечны. Ён над усім, што прамінае. І ўся сусветная гісторыя сведчыць, што нікому не ўдавалася сімвал знішчыць, перамагчы. Лукашэнку таксама не ўдасца. Але ягоная спроба можа дорага каштаваць нам усім. Як тым, хто пад бел-чырвона-белым сімвалам, гэтак і тым, хто пад чырвона-зялёным.»