У Мінску прыбіраюць білборды з рэкламай беларускай мовы

У Беларусі ў пачатку 2013 года па замове міністэрства культуры было размешчана 90 білбордаў з рэкламай беларускай мовы. Планавалася, што яны будуць вісець як мінімум паўгода, аднак, не прайшло і паўмесяца, як іх пачалі здымаць. Пра гэта распавёў Ігар Самкін старшыня Асацыяцыі рэкламных арганізацый, што развесіў дадзеную рэкламу.



wjbeib_w465h262.jpg

"На выходных мне стала вядома, што па рашэнні асобы або групы асоб было прапанавана гэтыя працы зняць. Пакуль гаворка ідзе пра "ма-ма = мо-ва" і пра горад Мінск", — адзначыў ён, перадае "Еўрарадыё".
 


Акрамя плакатаў "Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?" на білбордах быў цыкл работ "Маё першае слова". Характэрна, што ў 2012 годзе таксама па невядомай прычыне былі знятыя плакаты "Беларускае — самае маё".


У міністэрстве культуры, якое выступала заказчыкам праекту, здзіўлены, што рэкламу знялі. "Не ў курсе, што адбываецца" і ў Мінгарвыканкаме.


У сваю чаргу дырэктар рэкламнай кампаніі "CityLight" Вольга Велікаселец заявіла, што распараджэнне зняць тычыцца выключна плакатаў "Ма-ма = мо-ва". Серыя "Маё першае слова" застаецца. Хто распарадзіўся зняць плакаты, яна сказаць адмовілася, перадае Радыё "Свабода".


"Да сацыяльнай рэкламы вельмі часта бываюць прэтэнзіі, часта паступаюць распараджэнні яе зняць. Ніякіх законаў, якія б рэгулявалі дэманстрацыі сацыяльнай рэкламы, у нас няма. Таму плакат можа правісець і пяць гадоў, а могуць і папрасіць зняць праз пяць дзён. Прычыны могуць быць самыя розныя: то колер цёмны, то тэлефон чыйсьці не пазначаны, ці слоган не спадабаўся. Проста калі справа тычыцца сацыялкі, то тут адразу з'яўляецца шмат устаноў і інстанцый, якія могуць нешта пакрытыкаваць", — адзначыла Вольга Велікаселец.


Адной з прычын, па якіх плакаты загадалі зняць, яна лічыць чорны фон школьнай дошкі, на якім напісана "ма-ма = мо-ва".
 


Як паведамляў Тэлеграф, для пасажыраў беларускай сталіцы "Мінсктранс" праязныя квіткі на студзені 2013 вырашыў надрукаваць на рускай мове. Да гэтага праязныя былі на беларускай мове. У "Мінсктрансе" заявілі, што пасажыры скардзіліся, што не разумеюць назвы месяцаў па-беларуску.

telegraf.by