Беларусь, якая чакае. Чэрвеньская рапсодыя (ФОТА)
Пачатак каляндарнага лета сёлета быў сапраўды летнім. І з шафаў асцярожна пацягнуліся на першыя шпацыры лёгкія сукенкі, у паветры ўсё часцей лунае пах шашлыку, а напрыканцы тыдня на дарогах з гарадоў значна павялічылася колькасць транспарту. Але ж апроч гэтага ёсць яшчэ адна прыкмета таго, што лета ўжо побач, і сённяшняя наша вандроўка прысвячаецца менавіта ёй. Паехалі!

Дакладная прыкмета надыходу летняга надвор’я — планавае знікненне гарачай вады ў гарадскіх кватэрах, але ж сёння не пра гэта. Сёння аб тым, без чаго не абыходзіцца аніводны травеньска-чэрвеньскі look зацятых аматараў інстаграма ды іншых сацсетак. Канешне ж, гаворка пра рапс, дакладней аб прыгожых відарысах на фоне палёў гэтай папулярнай гаспадарчай культуры. Мадэляў мы не запрашалі, таму фатограф будзе неяк выкручвацца, каб у чарговы раз зрабіць прыемнае вашым вачам.
Мы, канешне, прапаноўвалі сябе ў якасці мадэляў і некаторыя дзеля справы былі гатовыя нават у інстаграме зарэгістравацца, але ж аднаго позірку фатографа дастаткова, каб зразумець бесперспектыўнасць гэтага захаду. Таксама рашуча ён перасцярог нас ад спробаў зайсці ў поле, каб хаця б на тэлефон зрабіць некалькі здымкаў, і сам трымаўся на мяжы. Па ягоных словах, рапс апрацоўваюць рознымі хімікатамі і таму існуе вялікая верагоднасць потым сутыкнуцца з пэўнымі праблемамі са скурай. Мы людзі паслухмяныя і цалкам верым дасведчанаму чалавеку.
Канешне ж, рапсу ў сучаснай Беларусі шмат і, магчыма, гэта неяк абгрунтавана — мы не эканамісты і не спецыялісты ў сельскай гаспадарцы, таму не будзем рабіць нейкія высновы. Але ж сустракаюцца месцы вельмі прыгожыя без прысутнасці жоўтага колеру нават на даляглядзе. Бывае і так!
Але ж сёння ў нас іншая місія, і мы працягваем шукаць рапсавыя палі, якія адпавядаюць запытам нашага фатографа. Падаецца, няласкавы травень ужо цалкам адышоў на незаслужаны гадавы адпачынак і наперадзе толькі цёплае надвор’е, лёгкая вопратка і захапляльныя вандроўкі. У марах і разважаннях мы ледзь не праехалі цудоўны вясковы пейзаж, дзе ёсць усё! І нават белая чапля!
Нягледзячы на цёплае і прыемнае надвор’е, немагчыма не заўважыць адсутнасць звычайнай зеляні ўсходаў на шмат якіх палях. «Вітаначкі ад сышоўшага траўня з ягонымі выбрыкамі кшталту начных маразоў і халодных залеваў», — так ёміста і ўпэўнена сцвярджае наш кіроўца. Натуральна незвычайна бачыць такія шэрыя плямы, а то і цэлыя палі, у чэрвені, калі зялёныя моры павінны ўжо даўно калыхацца над зямлёй. Праўда, калі спыніцца і прыгледзецца, то бачна як сям-там нейкія адважныя выжылыя спрабуюць аднавіць звычайны рух жыцця. Вельмі спадзяемся, што гэта ў іх атрымаецца!
За чарговым пагоркам нас чакае невялікае, але вельмі маляўнічае поле рапсу. Тут мы затрымаліся на даволі працяглы час і недарма. Гэта той самы выпадак, калі нешта казаць будзе зусім залішнім. Глядзіце і не кажыце, што не бачылі!
Калі шчыра, то нам ужо хапіла гэтага рапсу па самае не хачу. Дзіўна — як людзі гадзінамі скачуць па гэтых жоўтых дыванах? Хаця чаго не зробіш дзеля моднага кантэнту! А мы пасля невялікай нарады выпраўляемся да адной вёскі, якую даўно трэба было наведаць, але ніяк не атрымлівалася. Пара дзясяткаў кіламетраў і перад намі прыгожая і вельмі незвычайная Траецкая царква ў вёсцы Вольна. Мураваны ўніяцкі храм паўстаў на пагорку ў Вольна ў 1768 годзе на месцы былога драўлянага, які з 1632 году існаваў як Свята-Траецкі базыльянскі манастыр. Па заканчэнні будоўлі храм быў перададзены каталікам да закрыцця манастыру ў 1873 годзе. У 1895 годзе быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву і дагэтуль такім і застаецца.
Спецыялісты сцвярджаюць, што Траецкая царква з’яўляецца хіба не адзіным помнікам архітэктуры «віленскага барока» на Беларусі, які захаваў рысы ўніяцкага храму і незвычайныя элементы кшталту контрфорсаў. Падчас нашага візіту царква знаходзілася на касметычным рамонце, але відавочна, што ёй бы не пашкодзіла і больш глыбокае аднаўленне з захаваннем усёй сваёй адметнасці і незвычайнасці. Пытанне толькі ў адным — няма грошай. Хаця на навюткую Geely з «крэпкім хазяйственнікам» за стырном, якая шпарка праляцела побач з намі, грошы ўсё ж дзесьці ёсць.
Пакідаем Вольна з надзеяй на лепшае, бо царква вельмі прыгожая і вартая ўвагі не толькі спецыялістаў і краязнаўцаў. Пытанняў аб далейшым кірунку не існуе, бо быць недалёка ад Вялікай Ліпы і не завітаць туды — мяжуе з цяжкім злачынствам ці ўвогуле з вар’яцтвам. Больш падрабязна аб гэтым месцы можна даведацца з нашай справаздачы з іншай вандроўкі. А мы праз год і пару месяцаў вырашылі праінспектаваць вяснова-летні выгляд знакамітасці.
Расчараванне, смутак і сапсаваны настрой — толькі так можна пазначыць тое, што мы там убачылі і адчулі. Стары свіран у некалькіх кроках ад поўнага руйнавання і свежы драўляны плот вакол яго нагадвае надмагільную агароджу. Магчыма, гэты год для яго — апошні, і фота застануцца адзіным напамінам, як гэта ўжо здарылася з іншымі будынкамі і дрэвамі сядзібы. Некалькі старых ліпаў уздоўж дарогі таксама ссечаны пад корань — трэба ж было менавіта праз іх насыпаць аб’езд вакол мастка праз ручай, што тэрмінова рамантуецца. Афіцына паступова таксама руйнуецца. Толькі стайні з боку дарогі выглядаюць больш-менш прыстойна, але калі падысці бліжэй, то яны таксама забіваюць настрой. Ну што ж, запомнім Вялікую Ліпу такой...
Сумныя збіраемся дадому. Нічога на зробіш — бывае і так, на тое яно і жыццё. Але ж спадзяемся на літасць прыроды і разлічваем на вашыя замовы дзеля цёплых і сонечных вандровак. Усё напрыканцы будзе добра, а як жа інакш! Таму не сумуйце, бывайце здаровы — пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.