Беларусь, якая чакае. Таямніцы старых сядзіб (ФОТА)
Гэтым разам выпраўляемся ў вандроўку па не вельмі вядомых большасці беларусаў месцах, якія, тым не менш, адназначна вартыя ўвагі, а іх былыя гаспадары — успамінаў і шанавання. Гучных прозвішчаў і месцаў вы сёння пачуеце і пабачыце няшмат, але гэта і ёсць наша мэта — малавядомае і прыгожае.
Традыцыйна ранак чарговага зімовага дня сустракаем ужо за горадам. Сонца спачатку павольна ўстае над заснежанымі мясцінамі, але дзень штохвілінна набірае хуткасць, і пейзажы вокамгненна мяняюць фарбы і выгляд. Дрымотную бадзёрасць хуценька адсоўвае натхненне і запускае адрэналінавы механізм. Такая раніца нам падабаецца!
Першая мэта — вёска Кухцічы побач з Уздой, дзе мы наведваем сядзібу Завішаў. Дакладней, сучасныя Кухцічы застаюцца праваруч, мы збочваем налева, да Першамайска — менавіта там знаходзяцца рэшткі цікавай для нас сядзібы. Упершыню Кухцічы згадваюцца ў XVI стагоддзі як двор братоў Кавячынскіх. Мацей Кавячынскі быў нясвіжскім старастам і менавіта сюды з Нясвіжа перавёз абсталяванне, на якім у 1572 годзе была надрукавана Біблія з прадмовай Сымона Буднага — сябра Мацея. Таксама лічыцца, што пры Мацеі Кавячынскім у 1560-х гадах быў пабудаваны кальвінскі збор, да якога мы яшчэ вернемся.
У 1690 годзе Кухцічы пераходзяць да роду Завішаў, і на пачатку ХІХ стагоддзя Казімір Завіша закладвае тут радавую сядзібу па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, які прымаў удзел ва ўзвядзенні Нясвіжскага і Шчорсаўскага палацавых комплексаў, сядзібы Адама Хмары ў Сёмкаве і шмат іншых. На малюнку Напалеона Орды мы бачым, як яна выглядала ў 1860 годзе.
Сын Казіміра — Ян Казімір Завіша-Кіжгайла — быў вядомым этнографам, археолагам і архітэктарам, які адкрыў адну з самых старажытных стаянак чалавека на Свіцязі. Асноўны будынак сядзібы не захаваўся (згарэў у 1939 годзе), засталіся толькі два флігелі ці, як яшчэ іх называюць, «афіцыны» і некалькі гаспадарчых будынкаў кшталту стайні і свірна, што цяпер выкарыстоўваюцца ў якасці майстэрняў Уздзенскім дзяржаўным каледжам, на тэрыторыі якога і знаходзяцца рэшткі сядзібы.
Апошняя ўладальніца сядзібы Марыя Магдалена — малодшая дачка Яна Казіміра Завішы. У 1906 годзе яна пабралася шлюбам з Мікалаем Вацлавам Радзівілам. Марыя Магдалена шмат дапамагала студэнтам Віленскага ўніверсітэта, падтрымлівала газету «Наша Ніва» ў Вільні і выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Таксама пры яе падтрымцы выходзілі творы Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага ды іншых.
Глядзіце таксама
Мікалай вельмі цікавіўся фальклорам, збіраў песні і паданні. У 1914 годзе падчас Першай сусветнай вайны ён загінуў у Прусіі і быў пахаваны ў кальвінскім зборы ў Кухцічах. Марыя Магдалена стала больш цікавіцца палітыкай, фінансава дапамагала братам Луцкевічам і Раману Скірмунту, а ў 1918 годзе абвясціла сябе грамадзянкай БНР. У 1919 годзе Марыя Магдалена была вымушана з’ехаць у Варшаву, а ў 1945-ым памерла ў Швейцарыі. У 2017 годзе яе прах быў перапахаваны ля касцёла Святога Роху ў Мінску. Цяпер сядзіба Завішаў знаходзіцца ў занядбаным стане, але, магчыма, калісьці адсюль прыбяруць выставу трактароў і пачнуць адраджэнне гэтага пакуль забытага радавога гнязда выбітных беларусаў.
А зараз мы наведаем яшчэ адзін помнік роду Завішаў. Гэта радавы склеп, стылізаваны пад «піраміду», на могілках ва Уздзе. Незвычайны выгляд дагэтуль прыцягвае ўвагу і выклікае спрэчкі аб часе і мэтах менавіта такога вырашэння. Па адных меркаваннях, склеп быў пабудаваны заснавальнікам сядзібы Казімірам Завішам у 1800 годзе, а мае такі выгляд, бо Казімір вельмі цікавіўся археалогіяй і менавіта Егіптам, які сам наведваў з навуковай экспедыцыяй. Іншыя лічаць, што будаваў «піраміду» ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя яго сын Ян Казімір, а мы памятаем, што ён таксама быў зацяты археолаг, і адсюль такі «егіпецкі» ўплыў.
Зразумела, што пасля дзвюх сусветных войнаў і мноства іншых трагічных падзей на Беларусі аніводнага пахавання ў склепе няма, як няма і некалі багатага яго аздаблення. Да апошняга часу нават і варотаў не было — хадзі хто хоча. Вакол «піраміды» стаяць надмагіллі розных часоў, памераў і формаў ды ўнутры няма смецця — магчыма, хтосьці пачаў сачыць за гэтым месцам. Дарэчы, пад дахам «піраміды» ёсць патаемны пакой, але дзеля чаго ён там патрэбны і як выкарыстоўваўся, таксама дакладна невядома.
Падыходзячы да машыны, заўважылі чародку невялічкіх птушак, якіх спачатку прынялі за вераб’ёў. Але як мы памыляліся! Гэта былі прыгажуны-амялушкі. Глядзіце самі, якія ж цудоўныя гэтыя птушкі!
А наш далейшы шлях ляжыць у вельмі прыгожае месца з паэтычнай назвай Наднёман, але ў летапісах XVI стагоддзя яно ўзгадвалася як Малыскоўшчына і было часткай неаглядных валоданняў роду Радзівілаў. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і распродажу радзівілаўскіх зямель Малыскоўшчыну ў 1820 годзе набыў Ануфры Наркевіч-Ёдка. Набытак меў сумнеўную каштоўнасць у выглядзе занядбанага бровара, але новы гаспадар вырашыў перабудаваць яго ў палац. Праца доўжылася больш за 10 год і завяршаў яе ўжо сын Ануфрыя Атон, тады па сканчэнні будаўніцтва Малыскоўшчына і стала Наднёманам.
Вядомым Наднёман стаў дзякуючы сыну Атона — Якубу Наркевічу-Ёдка. Спачатку маладзён даволі паспяхова навучаўся музыцы, але пасля хваробы бацькі і смерці сястры ад сухотаў вырашыў стаць лекарам і захапіўся фізікай і біялогіяй. Хутка ў Еўропе сталі казаць аб «электрычным чалавеку» — гэта быў Якуб Наркевіч-Ёдка, які актыўна даследаваў электрычнасць і яе ўплыў на здароўе чалавека. Артыкулы Якуба шмат разоў друкаваліся ва ўплывовых навуковых выданнях і нават праз шмат гадоў пасля яго смерці ў 1905 годзе пільна вывучаліся ў СССР. На тэрыторыі сядзібы Якуб адкрыў санаторый, дзе лекаваў людзей кумысам ад спецыяльных кабыл з Башкірыі, якіх ён адмыслова набыў для гэтай справы. У былой аранжарэі зрабіў салярый. Мясцовыя сяляне з Наднёмана і Пясочнага карыстацца такім багаццем маглі бескаштоўна і рэгулярна «аддзячвалі» гаспадару пагромамі і крадзяжамі. Завяршыла справу рэвалюцыя 1917 года — абсталяванне лабараторый, метэастанцыі і шматтомная бібліятэка зніклі ў полымі барацьбы за «ўсеагульнае шчасце».
Сёння сядзіба павольна змагаецца за жыццё і аднаўленне намаганнямі вучонага-фізіка Уладзіміра Самуйлава і дабрачыннага фонду імя Якуба Наркевіча-Ёдкі. Відавочна, што праца рухаецца, адноўлена брама, актыўна ідзе рэстаўрацыя палаца. Сыходзячы, мы таксама пакінулі ў скрыначцы на браме свой сціплы ўнёсак на добрую справу. Будзеце наведваць гэтае месца — далучайцеся, не плануеце — заўсёды можна дыстанцыйна ахвяраваць любыя грошы дзеля аднаўлення гістарычнага і важнага месца. Глядзіце, як прыгожа тут! Вясна ўжо зусім побач!
Натхнёныя амаль вясеннімі промнямі сонца і прыгажосцю краявідаў на Нёмане, накіроўваемся да наступнай нашай кропкі — Вялікай Ліпы. Маёнтак роду Абуховічаў, якім яны валодалі на працягу чатырох стагоддзяў, амаль увесь гэты час знаходзіўся ў шчыльным коле зямель Радзівілаў. Нягледзячы на шматлікія спробы Радзівілаў далучыць і Вялікую Ліпу, яна навечна засталася радавым гняздом Абуховічаў. Першым уладальнікам быў Піліп Казімір — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Яго дзённік з апісаннем міжнародных адносін з Еўропай пазней быў выдадзены як падручнік па міжнародных адносінах. Загінуў падчас абароны Варшавы ў 1656 годзе і пахаваны ў Навагрудскім езуіцкім касцёле.
Сядзібны дом не захаваўся, але вельмі ўражваюць каларытныя стайня-брама, велізарная афіцына і свіран, які патроху развальваецца. Кожны з гэтых будынкаў можна доўга разглядаць, наварочваючы кругі навокал, і кожны раз можна адкрываць для сябе нешта раней незаўважанае. Галоўнай жамчужынай сядзібы лічыцца ўнікальны будынак ад спалучэння брамы і стайні, які не мае падобных і нават у такім занядбаным стане вельмі прывабны. Маляўніча выглядае свіран — ён амаль цалкам драўляны, але ж франтон складзены з цэглы ў вытанчаным стылі, які вельмі любілі Абуховічы. Не пакіне абыякавым нікога і манументальная афіцына, у якой знаходзілася бібліятэка і архіў роду, а на першым паверсе былі пакоі для прыслугі. Існуе цікавая версія, паводле якой падчас пераследу чальцоў Мальтыйскага ордэна, камандорамі якога з’яўляліся Радзівілы, рыцары таемна перабраліся менавіта ў Вялікую Ліпу. Пераследнікі не маглі ўявіць сабе, што Абуховічы, якія неаднойчы адмаўлялі Радзівілам у продажы маёнтка і відавочна мелі з імі не вельмі добрыя адносіны, таксама з’яўляюцца чальцамі гэтага ордэна і амаль да 1939 года ў маёнтку праходзілі таемныя рыцарскія пасвячэнні і абрады. Прыгожа, але гэта пакуль толькі версія.
Зусім побач з маёнткам Абуховічаў знаходзіцца царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ці проста Пакроўская царква. Храм пабудаваны ў 1773 годзе і да 1863 года быў уніяцкім. Ну а потым ужо знаёмая нам сумная гісторыя з закрыццём і перадачай праваслаўнай царкве. Але нягледзячы на перабудову і рэстаўрацыю і сёння бачны «неправаслаўны» выгляд храма і яго тэрыторыі, на якой знаходзяцца дзве капліцы-пахавальні і вежа-званіца. Масіўная старадаўняя агароджа з цэглы і каменю стаіць з 1833 года.
На жаль, трэба развітвацца з гэтым вельмі цікавым месцам. Але на развітанне падыдзем да краю пагорка, на якім стаяць рэшткі сядзібы Абуховічаў — калісьці адсюль пачынаўся сядзібны парк. Агледзім яшчэ раз гэты краявід — і ў дарогу!
Наша сённяшняя вандроўка завяршаецца, але наперадзе новыя маршруты і новыя ўражанні. Калі вам ёсць што нам прапанаваць — будзем вельмі ўдзячныя. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.
І традыцыйна на развітанне яшчэ некалькі сённяшніх фота. Бывайце здаровы — вясна хутка!