Урсула фон дэр Ляен: На Расію трэба аказаць большы ціск, каб спыніць вайну ва Украіне
Пакуль свет спрабуе пераканаць Дональда Трампа ў неабходнасці ціску на Уладзіміра Пуціна, на фронце ва Украіне з'яўляецца новы кірунак баявых дзеянняў. А Расія, імаверна, хоча, каб жаўнеры Паўночнай Карэі ўзялі ўдзел у баях ва Украіне. Ідзе 1209-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 175 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмаў агрэсара ў раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Аляксееўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку УСУ адбілі 32 спробы ворага прарваць абарончыя рубяжы ў раёнах Канстанцінопал., Навасёлкі, Свабоднага Поля і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 15 атак паблізу Тарэцка, у бок Русінага Яра, Новаспаскага, Аляксандра-Калінавага і Яблонаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 14 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Капанак, Ліпавага, і ў напрамку Альгоўкі Торскага.
На Купянскім кірунку адбылося 11 атак расіян паблізу Галубоўкі, Загрызавага, Стэпавай Навасёлаўкі.
На Краматорскім кірунку зафіксавана 10 боесутыкненняў паблізу Часавага Яра, Белай Гары, Курдзюмаўкі.
На Курскім кірунку падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі 24 атакі расійскіх войск.
* * *
У ноч на панядзелак, 16 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійцаў каля Бурлацкага і Новаполя Данецкай вобласці.
* * *
Праз актывізацыю расійскіх войскаў на мяжы Сумскай вобласці Украіны Генеральны штаб УСУ цяпер будзе паведамляць пра сітуацыю на Паўночна-Слабадскім кірунку.
«У сувязі з актывізацыяй праціўніка на мяжы Сумскай вобласці і важнасцю інфармавання грамадства пра ход адбіцця шырокамаштабнай ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны з 16.06.2025 года ў сваіх штодзённых зводках будзе паведамляць пра ход баявых дзеянняў на яшчэ адным кірунку — Паўночна-Слабадскім», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, Харкаўскі кірунак будзе перайменаваны ў Паўднёва-Слабадскі.
* * *
У ноч на 16 чэрвеня расіяне атакавалі Украіну 138-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 125 БПЛА, 84 — збіта агнявымі сродкамі, 41 лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
У выніку атакі беспілотнікамі ў Кіеўскай вобласці мужчына атрымаў цяжкія раненні, пашкоджаны дом і гаспадарчыя пабудовы. У Запарожжы з-за атакі БПЛА адбыўся пажар на прамысловым прадпрыемстве.
Абломкі збітых паветраных цэляў пашкодзілі жылыя дамы, гараж і газавую трубу ў Чаркаскім раёне Чаркаскай вобласці, частка адной з вёсак засталася без электразабеспячэння. Абышлося без пацярпелых.
* * *

* * *
Прапанова прыцягнуць Расію да перамоўнага працэсу па ўрэгуляванні на Блізкім Усходзе з'яўляецца спробай Крамля адцягнуць увагу свету ад вайны ва Украіне, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы аналізуюць тэлефонную размову Трампа і Пуціна 14 чэрвеня, якая доўжылася каля гадзіны. Па словах амерыканскага лідара, асноўная частка дыялогу была прысвечана эскалацыі паміж Іранам і Ізраілем, тады як тэме Украіны было нададзена «значна менш» часу. Памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў заявіў, што Пуцін прапанаваў прыцягнуць Расію да перамоўнага працэсу для дасягнення мірнага ўрэгулявання.
«Такія ініцыятывы расійскага боку могуць быць спробай адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад вайсковай агрэсіі супраць Украіны шляхам дэманстрацыі гатоўнасці да канструктыўнай ролі ў развязанні канфліктаў на іншых кірунках», — перакананыя аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.
У той жа час прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступіў супраць ідэі пасярэдніцтва Пуціна паміж Ізраілем і Іранам. «Я не веру, што Расія, якая цяпер уцягнутая ў канфлікт высокай інтэнсіўнасці і ўжо некалькі гадоў не выконвае Статут ААН, можа быць пасярэднікам», — сказаў лідар Францыі падчас візіту ў Грэнландыю.
* * *
На Расію неабходна аказаць большы ціск, каб дамагчыся спынення агню ва Украіне, заявіла кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, паведамляе Reuters.
ЕС збіраецца прыняць новы пакет санкцый супраць Расіі, але пакуль не змог пераканаць Трампа, які не спяшаецца ціснуць на Пуціна і заявіў, што не хоча, каб санкцыі перашкодзілі дасягненню спынення агню.
«Мы павінны аказаць большы ціск на Расію, каб дамагчыся рэальнага спынення агню, пасадзіць яе за стол перамоваў і пакласці канец гэтай вайне; санкцыі маюць вырашальнае значэнне для дасягнення гэтай мэты», — заявіла фон дэр Ляен на прэс-канферэнцыі.
На мінулым тыдні Еўракамісія вылучыла прапанову аб 18-м пакеце санкцый. «Я запрашу ўсіх партнёраў па G7 далучыцца да нас у гэтым пачынанні», — сказала прадстаўніца ЕС перад пачаткам перамоваў паміж Вялікабрытаніяй, Канадай, Францыяй, Германіяй, Італіяй, Японіяй і ЗША.
* * *
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і яго амерыканскі калега Дональд Трамп сустрэнуцца падчас саміту G7. Пра гэта Axios паведаміў неназваны прадстаўнік Белага дома. Таксама Трамп мае намер сустрэцца з прэм'ер-міністрам Канады Маркам Керні і прэзідэнтам Мексікі Клаўдыяй Шэйнбаўм.
* * *
Баявыя дзеянні ў Курскай вобласці Расіі прывялі да страт больш за 6000 вайскоўцаў КНДР, якія ваявалі на баку Расійскай Федэрацыі, паведаміла Мінабароны Вялікабрытаніі ў Х (Twitter).
Паводле звестак выведкі, асноўныя страты нанесеныя масавымі пяхотнымі штурмамі супраць украінскіх сіл. Нягледзячы на абмежаваную перадачу падмацаванняў, сітуацыя для паўночнакарэйскага кантынгенту застаецца крытычнай.
Адзначаецца, што 4 чэрвеня сакратар Савета бяспекі РФ Сяргей Шайгу ў другі раз за тры месяцы наведаў КНДР і сустрэўся з Кім Чэн Ынам. Брытанская выведка ўважае Шайгу за ключавога пасярэдніка ў каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва паміж Расіяй і КНДР у вайне супраць Украіны.
У цяперашні час дзеянні паўночнакарэйскіх войскаў абмежаваныя толькі тэрыторыяй Курскай вобласці. Каб перакінуць іх на тэрыторыю Украіны, трэба ўзгадненне паміж Пуціным і Кім Чэн Ынам.