У Мінску ідуць суды над удзельнікамі "Чарнобыльскага шляху" (абнаўляецца, відэа)
У судзе Савецкага раёна Менска пачынаюцца працэсы над шасцю затрыманымі ў суботу ўдзельнікамі «Чарнобыльскага шляху». Як паведаміла правабаронцаНаста Лойка, іх даставілі у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і якраз падвозяць у суд.
Фота http://euroradio.fm/
— Частку з іх ужо прывезлі ў суд, а астатніх яшчэ падвозяць. Працэсы яшчэ не пачаліся. Вось першага ўжо павялі судзіць.
Сярод тых, каго сёння судзяць — гамяльчук Юрась Рубцоў, які звярнуў на сябе ўвагу кашулькай з напісам на грудзях: «Лукашэнка, сыходзь», а на спіне: «Арыштуйце мяне. Нагода? Я супраць Лукашэнкі».
* * *
Затрыманыя ўдзельнікі акцыі "Чарнобыльскі шлях" паўстануць перад судом Савецкага раёна сталіцы. Як паведамляюць праваабаронцы, у ліку затрыманых – Юры Рубцоў і Леанід Смоўж.
Затрыманні актывістаў апазіцыі пачаліся ў Менску за некалькі дзён да акцыі. На працягу мінулага тыдня былі затрыманыя Ілля Дабратвор, Алесь Сцепаненка, Уладзімір Сяргееў, Зміцер Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч, а таксама адзін з арганізатараў "Чарнобыльскага шляху" Максім Вінярскі. Усе яны, акрамя Францкевіча, які яшчэ чакае суду, былі пакараныя арыштам тэрмінам ад 5 да 25 сутак. Вінярскі ў знак пратэсту супраць незаконнага прысуду абвясціў сухую галадоўку.
* * *
28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Менска будуць разглядаць адміністрацыйныя справы адразу 7 чалавек, якіх затрымалі перад і пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Менску. Пра гэта паведаміла праваабаронца з цэнтра «Вясна» Наста Лойка. Па яе словах, дагэтуль было вядома пра меншую колькасць затрыманых.
— Інфармацыя трохі дзіўная, бо мы ведалі толькі пра некалькі затрыманняў. Яшчэ ў пятніцу быў прэвентыўна затрыманы Аляксандр Шумкевіч, справу якога будуць разглядаць у судзе Савецкага раёна. Таксама вядома, што ў час самой акцыі былі затрыманы яшчэ трое актывістаў, але яны папрасілі не называць пакуль іх прозвішчы. Іх справы таксама будуць разгледжаны ў судзе Савецкага раёна. І сама я ўчора была сведкай затрымання Юрыя Рубцова, Леаніда Смаўжа і яго сябра Мікалая. Іх там жа, дзе і іншых, будуць судзіць. Атрымліваецца 7 чалавек.
Як паведаміла Наста Лойка, суды, як чакаецца, пачнуцца а 10 гадзіне. Пры гэтым у судоў будзе скарочаны працоўны дзень. Нагадаем, напярэдадні ў Менску прайшла традыцыйная акцыя дэмакратычных сіл "Чарнобыльскі шлях", прымеркаваная да 28-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС. Па розных падліках у ёй прыняло ўдзел ад паўтысячы да 700 чалавек.
Затрыманне супрацоўнікамі міліцыі актывістаў Леаніда Смаўжа і Юрыя Рубцова падчас "Чарнобыльскага шляху" ў Менску 26 красавіка 2014 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя