У Маладзечне стартуюць бясплатныя моўныя курсы “Мова Нанова”
Ужо ў сераду, 7 мая, Маладзечна далучаецца да найноўшага трэнду і распачынае бясплатныя публічныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова”.
Першыя заняткі 7 мая а 19.00 у “Лівіа” (гандлёвы цэнтр "Модуль", 4 паверх) правядуць стваральнікі мінскіх курсаў – Алеся Літвіноўская і Глеб
Лабадзенка.
Далей выкладаць будуць маладзечанская журналістка (карэспандэнтка "РГ") Настасся Роўда і культурніцкі дзеяч з Мінска Алесь Мазанік.
Ужо на першай сустрэчы вы даведаецеся пра спрадвечна беларускую форму вашага імя, навучыцеся вышукваць ілжэсяброў перакладчыка ў мове, папрактыкуецеся ў прыгожым маўленні, пачуеце голас Янкі Купалы і паспаборнічаеце ў моўных вынаходніцтвах.
Курсы пачалі ў студзені гэтага года ў Мінску філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. Раз на тыдзень заняткі збіраюць па 200-300 чалавек.
За гэты час курсы ўжо распачаліся ў іншых гарадах: Бабруйску, Баранавічах, Гродна, Нясвіжы, Брэсце і нават Кракаве.
Суполка курсаў у vk.com: vk.com/mova.maladecna
Суполка курсаў у facebook: facebook.com/mova.maladecna