У Магілёве маладыя праваабаронцы выдалі часопіс Homonegative, прысвечаны праблемам ЛГБТ-супольнасці
Магілёўскія выпускнікі школы правоў чалавека ў Вільнюсе выдалі часопіс Homonegative, прысвечаны праблемам зносін і ўзаемаадносін з гомасексуалістамі.
Як паведаміў адзін з актывістаў "Магілёўскай праваабарончай групы", якая арганізавала выданне часопіса, Аляксандр Буракоў, зносіны з прадстаўнікамі сексуальных меншасцяў паказалі, што яны ўспрымаюць як праяву гамафобіі любое выказанае супраць іх меркаванне, таму ў асяроддзі маладых магілёўскіх праваабаронцаў нарадзіўся праект "Гоманегатывізм vs Гамафобія". "Мы прапаноўваем паняцце "гоманегатывізм", паколькі "фобія" азначае боязь. Мы ж не баімся геяў, але нам непрыемная тэма дэманстратыўных і назойлівых праяў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі", — сказаў Буракоў.
Паводле слоў актывіста, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці нецярпіма ставяцца да адрознага ад уласнага пункту гледжання на нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю. Менавіта таму маладыя магілёўскія
праваабаронцы паставілі сваёй мэтай паказаць, што "геі павінны разумець, што супраць іх хтосьці можа штосьці казаць і яны павінны спакойна гэта выслухоўваць".
"Мы заклікаем выкарыстоўваць паняцце "гоманегатывізм" як праяву нязгоды з геямі, але якое ў той жа час гаворыць аб непрыманні любога насілля ў дачыненні да іх. Геі маюць
права на існаванне, і яны карыстаюцца такімі ж правамі, як і ўсе, але нам непрыемна, калі хтосьці пачынае, напрыклад, выступаць за гей-парад", — сказаў Буракоў.
У часопісе, які з'яўляецца спецвыпускам магілёўскага маладзёжнага інтэрнэт-праекта "Малако", размешчаны артыкулы, у якіх гаворыцца аб ненатуральнасці аднаполых
шлюбаў, поглядах святароў розных хрысціянскіх канфесій на нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, найбольшай распаўсюджанасці СНІДу ў людзей, што практыкуюць гомасексуалізм, барацьбе ЛГБТ-супольнасцяў з
грамадскай мараллю. Раскрываюцца вытокі сучаснай гамафобіі, якія бяруць свой пачатак, паводле меркавання аўтараў часопіса, у месцах зняволення.
"Для ЛГБТ-супольнасці няма шансаў на паляпшэнне сітуацыі без рэфармавання беларускай пенітэцыярнай сістэмы. Пакуль у турмах будуць захоўвацца цяперашнія парадкі, а сярод падлеткаў лунаць
рамантычны дух "зоны", ні пра якую талерантнасць у грамадстве гаварыць немагчыма", — гаворыцца ў артыкуле "Пра рэальную гамафобію" аўтарства
групы маладых праваабаронцаў.
Часопіс выйшаў накладам 100 асобнікаў. Яго мэтавай аўдыторыяй, паводле слоў Буракова, з'яўляюцца праваабаронцы, актывісты грамадскіх арганізацый, палітыкі.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН