У Гродне ў чарговага таксіста-нелегала канфіскавалі аўтамабіль
Штраф у 20 базавых велічынь і канфіскацыя аўтамабіля коштам 70 млн. рублёў — такое рашэнне вынес эканамічны суд Гродзенскай вобласці ў дачыненні да таксіста-нелегала, паведамляе Вярхоўны суд Беларусі.
50-гадовы мужчына, які жыве ў гарадскім пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна, неаднаразова трапляў у поле зроку падатковай інспекцыі за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці па перавозцы пасажыраў без дзяржаўнай рэгістрацыі па маршруце Ваўкавыск — Рось (частка 1-1 артыкула 12.7 КоАП).
Паколькі прымененыя раней да правапарушальніка меры адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў не прывялі да дасягнення мэтаў адміністрацыйнай адказнасці, суд прыйшоў да высновы, што неабходным і
дастатковым для яго выхавання будзе (разам са штрафам) канфіскацыя транспартнага сродку.
Са студзеня па жнівень 2014 года эканамічным судом Гродзенскай вобласці разгледжана 14 адміністрацыйных спраў аб нелегальнай перавозцы пасажыраў, што на 74% менш, чым у
аналагічным перыядзе 2013 года (53). Паводле разгледжаных спраў накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу на суму 103.250.000 рублёў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН