У Гомелі набірае абароты грамадзянская кампанія "Барані сваё"
Уласнікі прыватных дамоў, а таксама занепакоеныя ўшчыльненнем забудовы грамадзяне, імкнуцца бараніць свае правы супольна.
Паводле аднаго з каардынатараў кампаніі "Барані сваё" Кастуся Жукоўскага, галоўнае — гэта навучыць жыхароў больш актыўна бараніць свае правы на прыватную ўласнасць.
— Паўсюль людзей "разводзяць" нахабна і злачынна. Прыходзяць і гавораць, што маюць адпаведную пастанову. Раз прыйшлі, два… І чалавек урэшце пагаджаецца. Чалавека фактычна бяруць зморам. Гэтая ініцыятыва падняла вялікі пласт праблемаў у грамадстве. Яны і раней былі відавочныя, але пра іх мала хто гаварыў. Калі людзі і надалей будуць самі па сабе, то нас задушаць. А калі мы збяромся разам, то мы пераможам.
Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці кампаніі "Барані сваё" стане перагляд генеральнага плана развіцця Гомеля да 2030 года, які практычна не пакідае шансу на захаванне гістарычнага аблічча горада.