У Данецку знік польскі святар. Яго сябры просяць дапамогі ў распаўсюдзе інфармацыі

Польскі каталіцкі святар Павел Вітэк знік сёння днём у Данецку. Пра гэты факт паведамілі ў Фэйсбуку знаёмыя святара праз сваіх данецкіх сяброў, паведамляе "ОстроВ".

Паводле паведамлення, Павел Вітэк, каталіцкі святар, які прыехаў з Польшчы да настаяцеля Рыма-каталіцкага Касцёла Айца Мікалая, прапаў 27 мая ў Данецку каля 12 гадзін дня.
 

Па непацверджанай інфармацыі, Паўла ўтрымліваюць прадстаўнікі самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" у захопленым імі будынку СБУ. Увечары Павел павінен быў прыйсці на плошчу Канстытуцыі, дзе штодня праходзіць міжканфесійная малітва за мір ва Украіне, аднак сувязь са святаром знікла. Месцазнаходжанне Паўла да гэтага часу не вядома.
 

"Просім распаўсюдзіць інфармацыю і дапамагчы знайсці Паўла Вітэка", — звярнуліся за дапамогай яго знаёмыя ў Данецку.