У Брэсце актывісты кампаніі "Гавары праўду!" правялі акцыю ў падтрымку Сяргея Каваленкі
У Брэсце актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" 20 сакавіка правялі акцыю ў падтрымку Сяргея Каваленкі. Як паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі Марат Несцярэнка, у найболей шматлюдных месцах горада яны расклеілі прыкладна 100 улётак. На кожнай з іх партрэты Каваленкі і суддзі, якая вынесла яму прысуд, а таксама надпіс: "Думаеце, вас гэта не закране… Чакайце новы ГУЛаг".
У Брэсце актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" 20 сакавіка правялі акцыю ў падтрымку Сяргея Каваленкі.
Як паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі Марат Несцярэнка, у найболей шматлюдных месцах горада яны расклеілі прыкладна 100 улётак. На кожнай з іх партрэты Каваленкі і суддзі, якая вынесла яму прысуд, а таксама надпіс: "Думаеце, вас гэта не закране… Чакайце новы ГУЛаг".
"Гэтай акцыяй мы хацелі не толькі прыцягнуць увагу да лёсу палітзняволенага Сяргея Каваленкі, але і выказаць пратэст супраць палітычных рэпрэсій у нашай краіне, дзе за дэманстрацыю нацыянальнага сцяга асуджаюць на пазбаўленне волі", — дапоўніў Несцярэнка.
Ён адзначыў, што 20 сакавіка яны накіравалі бацькам Каваленкі лісты, у якіх выказваюць ім сваю падтрымку, надзею на хуткае вызваленне сына і віншуюць з Днём Волі.
24 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска прыгаварыў Сяргея Каваленку да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое вынес яму ў маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.
З 19 снежня мінулага года Каваленка знаходзіцца ў зняволенні. У знак пратэсту ён абвясціў галадоўку. У турэмную бальніцу Каваленку перавялі з віцебскага СІЗА па стане здароўя: падчас галадоўкі зняволены страціў больш за 30 кг вагі.
Вызвалення апазіцыянера патрабуюць беларуская дэмакратычная грамадскасць і міжнародныя структуры.
Ларыса Шыганава, БелаПАН