У Берасці затрыманы незалежны журналіст Яўген Скрабец
17 траўня ў Берасці непадалёк свайго дома быў затрыманы АМАПам незалежны журналіст Яўген Скрабец. “Зараз знаходжуся ў Ленінскім РАУСе Берасця, шыюць хуліганства”, — напісаў Скрабец ў смс-паведамленні для Радыё Рацыя. Яго тэлефон зараз не адказвае.
17 траўня таксама атрымаў заказным лістом пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні іншы незалежны журналіст Андрэй Мялешка, яму ставіцца ў віну супраца з Радыё Рацыя без акрэдытацыі
* * *
У красавіку незалежнага журналіста з Берасця Яўгена Скрабца выклікалі ў міліцыю. Як распавёў сам журналіст, яго выклікалі дзеля апытання, нібыта ён падобны да ўдзельніка бойкі, якая здарылася ў горадзе 16 лютага:
— Потым ужо пытанні плаўна перараслі да такіх, кшталту калі я апошні раз быў ва Украіне, адкуль у мяне фота ў “Кантакце” з Майдана. Наконт радыё пыталі, ці супрацоўнічаю я стала і г.д. Мне падаецца, што ўсё гэта было на ўсялякі выпадак, каб я не паехаў на “Чарнобыльскі шлях” выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Яўген Скрабец гэты выклік у міліцыю звязвае з менскай акцыяй “Чарнобыльскі шлях”. Прыгадаем, што 31-га сакавіка журналіст атрымаў папярэджанне за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя.
У прыватнасці, пракурор папярэдзіў яго пра недапушчальнасць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Цяперашні выклік маладзён звязвае з “Чарнобыльскім шляхам”.
* * *
Незалежнага журналіста з Берасця Яўгена Скрабца выклікаюць у міліцыю. Ён мусіць з’явіцца ў аддзяленне міліцыі дзеля апытання. Так пазначана ў позве, якую журналісту прынеслі дадому двое міліцыянтаў, адзін з якіх прадставіўся ўчастковым.
Маладзён здзіўлены гэтым фактам, бо ён толькі два дні як пераехаў на новую здымную кватэру, і пра гэта ведалі толькі самыя блізкія асобы:
— Уручылі позву, што мне трэба з’явіцца для апытання 26-га красавіка а 15-й гадзіне. Я спытаў, ці гэта з-за “Чарнобыльскага шляху”? На што мне адказалі: “А гэта вас хіба спыніць? Проста хочам вас пабачыць.” Ніякіх больш дзеянняў, толькі аддалі гэтую позву.
Прыгадаем, што 31-га сакавіка Яўген Скрабец атрымаў папярэджанне за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя. У прыватнасці, пракурор папярэдзіў яго пра недапушчальнасць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Цяперашні выклік маладзён звязвае з Чарнобыльскім шляхам.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя