У Беларусі будуць судзіць чарговага незалежнага журналіста
У аўторак суд Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці мае разглядзець адміністратыўную справу сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Залеўскага.
Супрацоўніка тэлеканала “Белсат”, што зʼяўляецца часткай Telewizja Polska S.A., вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Размова вядзецца пра тое, што Алесь нібыта
незаконна праводзіў здымкі відэасюжэта, які пазней выйшаў у эфір тэлеканала.
Судовыя слуханні ў Карэлічах маюць распачацца а 15:00.
Адметна, што гэта ўжо трэцяя падобная справа на Гродзеншчыне. Так, 4 красавіка “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў. 15 мая падобны пратакол быў складзены яшчэ на аднаго незалежнага журналіста — Андрэя Мялешку.
На думку юрыстаў, улады Гродзеншчыны такім чынам вырашылі выпрабаваць на незалежных журналістах нядаўна ўведзены ў Адміністратыўны кодэкс рэпрэсіўны артыкул 22.9, які фактычна скасоўвае для многіх карэспандэнтаў гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі права на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. Паводле міліцыянтаў, палажэнні гэтага артыкула прадугледжваюць адказнасць за працу журналістаў без акрэдытацыі.
Адметна, што супрацоўнікі тэлеканала “Белсат”, а таксама “Беларускага Радыё Рацыя” ўжо некалькі гадоў дамагаюцца ад МЗС Беларусі
адпаведнай акрэдытацыі, але ўвесь гэты час атрымліваюць адмовы па надуманых, на іх погляд, прычынах.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"