У Шклове будуць судзіць прадпрымальніка за леташняе здарэнне на фэсце ў Александрыі
У Шклове будуць судзіць 38-гадовага прадпрымальніка з Магілёва за здарэнне ў ліпені 2021-га на фэсце ў Александрыі. Яго абвінавачваюць у «аказанні паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаванням бяспекі для жыцця ці здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання», паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
![mycollages_3_1.jpg mycollages_3_1.jpg](/img/v1/images/mycollages_3_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прыватнае прадпрыемства мужчыны аказвала паслугі з
выкарыстаннем надзіманага гульнявога абсталявання. Летам мінулага года абласныя
ўлады далі яму дазвол на аказанне паслуг на свяце «Александрыя збірае
сяброў» і на рэспубліканскім «Купаллі». На адкрытай пляцоўцы ў
аграгарадку Александрыя былі ўсталяваныя атракцыёны, якія пачалі працаваць 10
ліпеня. Сцвярджаецца, што дырэктар прадпрыемства ведаў, што ў надзіманым
абсталяванні «элементы жорсткага мацавання выраблены самаробным спосабам і
не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням», а гэта стварала пагрозу
бяспекі кліентаў.
У выніку падчас свята парыў ветру сарваў надзіманы атракцыён
і падняў яго ў паветра. Пракуратура піша, што пацярпела дзяўчынка 2009 года
нараджэння. У яе «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні», як і ў мужчыны
2001 года нараджэння. Прадпрымальнік не знаходзіцца за кратамі, яму абралі меру
стрымання ў выглядзе закладу.
Нагадаем, у разгар свята вецер падняў вялізныя
надзіманыя батуты, на якіх былі дзеці, у паветра. Яны некалькі разоў
перавярнуліся і паваліліся на зямлю. У бальніцу для агляду завезлі сем чалавек.
Мужчыну, які зняў на відэа інцыдэнт з атракцыёнамі ў
Александрыі, асудзілі на адміністрацыйны арышт.
Паводле «Еўрарадыё».