У Паўла Батуева — зноў ператрусы
Прысутнічаць пры ператрусах прывезлі самога Паўла Батуева, які цяпер знаходзіцца на сутках у ІЧУ.
Навіны пра салігорскага актывіста Паўла Батуева паведаміла ў сваім фэйсбуку журналістка Вольга Быкоўская.
«У Пашы сёння ідуць новыя ператрусы, дома і на другой кватэры. У межах тых крымінальных справаў, што былі заведзеныя.На вобшукі прывезлі яго самога з ІЧУ. Цэлы, дзякуй Б-гу. Суткі заканчваюцца ў суботу”.
Паўла Батуева затрымалі 23 лістапада, калі ён ішоў за дачкой у садок. Затым яго павезлі на ператрус у хату бацькі, дзе ён жыў апошнім часам. Пасля заканчэння Паўла павезлі на другі ператрус у яго асноўную кватэру.
Пазней Паўла асудзілі да 15 сутак зняволення па адміністрацыйным артыкуле — нібыта за супраціў міліцыі.