ГУБАЗіК зладзіў пагром у хаце магіляўчанкі. Пазней высветлілася, што памыліліся

Да магіляўчанкі ў дом уварваўся АМАП у шлемах і са зброяй. Яе затрымалі, а потым выявілася, што сілавікі памыліліся.

8cdfe61457f16442e8acf54df5822c40_xl.jpg

Каля 11 раніцы 9 снежня да сябра БСДП (Грамада) Вольгі Кулажынай пачалі моцна грукаць у дзверы кварэры. Затым праз кароткі час невядомыя пачалі пілаваць завесы на дзвярах, распавядае MAYDAY.

Толькі Вольга адчыніла дзверы, як у кватэру ўварваліся трое супрацоўнікаў АМАП са зброяй і ў касках. Тварам дзяўчыну прыперлі да сцяны, на руках замкнулі кайданкі. Услед за амапаўцамі ўвайшлі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ.

У кватэры ў дзяўчыны зладзілі пагромны ператрус — нават парвалі пакеты з кормам для жывёл і рассыпалі яго па хаце.

Пасля ператрусу Кулажыну адвезлі ў Следчы камітэт. Следчы адразу пахваліўся, што гэта яго структура "рабіла заявачку ГУБАЗіК на ператрус".

Вынікам стаў допыт з нагоды яе падпіскі ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім.

Прычынай допыту стала тое, што год таму дзяўчыну ўжо затрымлівалі з гэтай нагоды.

Кулажына звярнула ўвагу, што ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за гэты эпізод.

Высветлілася, што СК не дагледзеў гэты момант. Фактычных прычын для ператрусу-пагрому кватэры і жорсткага затрымання проста не было. У Кулажынай папрасілі прабачэння і адпусцілі.