У Мінску пачалося і праходзіць шэсце на Дзяды (фота)
У Мінску пачалося і праходзіць традыцыйнае шэсце на Дзяды. Заяўнік мерапрыемства — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.
А 12-й гадзіне на месцы збора — ля гадзіннікавага завода ў Мінску — сабраліся блізу 250 чалавек. Яны рушылі традыцыйным маршрутам да месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — урочышча Курапаты. Сярод удзельнікаў былі заўважаныя палітыкі Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык і іншыя. Людзі трымалі ў руках вельмі шмат бел-чырвона-белых сцягоў і крыжоў. Адзін з удзельнікаў шэсця суправаджаў хаду граннем на дудзе.Міліцыянты ля шэсця былі, у асноўным, у цывільным, і ў яго хаду не ўмешваліся.