Севярынца і Дашкевіча выклікаюць у міліцыю «ў якасці ўдзельнікаў крымінальнага працэсу»
Сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў апазіцыі Змітра Дашкевіча, Ганну Шапуцьку і Дзяніса Урбановіча выклікаюць раніцай 29 кастрычніка ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага РУУС «у якасці ўдзельнікаў крымінальнага працэсу», перадае Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміў Павал Севярынец, які 28 кастрычніка прымае ўдзел у традыцыйным шэсці «Дзяды».
Палітык адзначыў, што ў позве, якую ён атрымаў па пошце, не пазначана, які статус ён мае. Таксама незразумела, пра якую крымінальную справу ідзе гаворка. Паводле слоў Севярынца, ён мае намер праігнараваць выклік.
Паводле БелаПАН, Ганна Шапуцька пацвердзіла атрыманне позвы. Яна мяркуе, што выклік звязаны з актыўнасцю ўдзельнікаў кампаніі ў абарону Курапатаў і байкоту рэстарану «Поедем, поедим», які пабудаваны каля ўрочышча.
Радыё Свабода