У Японіі даследуюць беларускую мову
Выкладчыца беларускай мовы ў Японіі Сіёры Кіёсава прадставіла даклад аб сучаснай беларускай мове і нават атрымала за яго ўзнагароду.
Сіёры Кіёсава – аўтар вучэбнага дапаможніка «Спрабуйма!», які выйшаў у Японіі як азнаямленчы пачатковы курс беларускай мовы для японцаў. Упершыню Сіёры прыехала ў Беларусь у 2012 годзе. Аспірантка Цукубскага ўніверсітэта (University of Tsukuba) два гады вывучала беларускую мову ў БДУ, а паралельна з тым наведвала курсы «Мова Нанова».
Пазней у нашу краіну японка прыязджала яшчэ некалькі разоў, у тым ліку каб завяршыць магістарскую працу аб моўнай сітуацыі ў Беларусі.
Цяпер Сіёры і сама выкладае беларускую мову на курсах у японскім універсітэце Дзёці, адным з найлепшых прыватных універсітэтаў, курсы, дарэчы, нават карыстаюцца поспехам.
Нядаўна Сіёры Кіёсава завяршыла даследаванне, прысвечанае сучаснай беларускай мове, якое прадставіла на сімпозіуме ва ўніверсітэце Хакайда (адзін з сямі найлепшых нацыянальных універсітэтаў Японіі).
Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетках. У паведамленні гаворыцца прыкладна наступнае:
«Сёння на 8-м Міжфакультэцкім сімпозіуме ўніверсітэта Хакайда я прэзентавала сваё даследаванне пад назвай “Сучасная беларуская мова як мультыцэнтральная мова: разважанні, як мова пераадольвае канфлікты і падзелы”. Я асабіста шкадавала, што ў мяне не хапіла часу на падрыхтоўку і што змест не быў цэласным, але, на шчасце, я атрымала ўзнагароду за лепшую прэзентацыю. Хоць гэта была ўзнагарода, якую атрымаў кожны трэці ўдзельнік (што такое “лепшы”?..), але гэта абнадзейвае. Вялікі дзякуй за гэтую каштоўную магчымасць».