У Гомелі ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага (фота, відэа)
Рух салідарнасці "Разам" зладзіў традыцыйную штогадовую паездку актывістаў у Гомель, на магілу беларуса і героя Украіны Міхася Жызнеўскага.
У гэты дзень, 22 студзеня 2014 года, у ахопленым супрацьстаяннем простых украінцаў і сілавікоў Януковіча Кіеве абарвалася жыццё гамельчука Міхася Жызнеўскага, які разам з украінскім народам паўстаў супраць хлусні, карупцыі і несвабоды.
У імпрэзе памяці Міхася Жызнеўскага бралі ўдзел актывісты з Мінска, Бярэсця, Бабруйску, Мар'інай Горкі, Гомелю, Светлагорска. Легендарная сцяганоска Ніна Багінская традыцыйна ўзняла першы бел-чырвона-белы сцяг.
Напачатку імпрэзы д'якан Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікола Бамбіза прачытаў "Ойча наш" і памінальную малітву за забітага.
Сустрэчу вяла сустаршыня Руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая. Каля помніка беларускаму змагару і герою Украіны выступілі Вячаслаў Сіўчык, які асабіста ведаў Міхася Жызнеўскага з 2011 года, Валянціна Логвін (ад Украінскай сусветнай каардынацыйнай рады), Андрэй Шарэнда ("Еўрабеларусь"), Уладзімір Кацора, Таісія Кабанчук (БХД), Людміла Поспiх (маці Тараса Аватара), паэт Славамір Адамовіч. Бард Зміцер Захарэвіч выканаў свае песні. Украінец па паходжанні Аляксандр Магільчанка з Бабруйска зачытаў на ўкраінскай мове верш, прысвечаны Міхасю Жызнеўскаму.
У сваёй прамове Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што дзякуючы таму, што ў Беларусі ёсць людзі, такія як Міхаіл Жызнеўскі, якія гатовыя змагацца за свабоду і ахвяраваць дзеля высокіх ідэалаў сваім жыццём, мы можам з асцярожным аптымізмам глядзець у будучыню.
Беларус Міхаіл Жызнеўскі, які ў 2005-м годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму, дапамагаў у грамадска-палітычнай дзейнасці ўкраінскім нацыяналістам, быў сябрам самаабароны падчас украінскага Майдана 2013-2014 гадоў, загінуў у час жорсткіх сутыкненняў дэманстрантаў з праўладнымі спецпадраздзяленнямі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. Пратэсты, якія скончыліся зрынаннем карумпаванай улады, атрымалі назву "Рэвалюцыя Годнасці".
26 лістапада 2014 года ў Кіеве ўсталяваны помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай Сотні, а ў 2017 годзе надаў званне героя Украіны.