У Гомелі паставілі лавы, на якія можна толькі глядзець. І тое — праз эстэтычныя пакуты
Навошта лаўкі ў парку? Калі адзіны адказ, які прыходзіць вам у галаву, «каб на іх сядзець», то раім завітаць у гомельскі парк Фестывальны. Тут вас чакае шмат неспадзяванак!
Яшчэ 10 гадоў таму ў гэтым папулярным сярод жыхароў Савецкага раёна месцы адпачынку пачалі з’яўляцца незвычайныя месцы для сядзення, піша «Штодзень». Быў абвешчаны конкурс на дызайн-праекты лаў. Паўдзельнічаць мог любы ахвотны (большасць гомельцаў, на жаль, даведалася пра гэты конкурс, калі ён завяршыўся). Потым праекты-пераможцы былі рэалізаваныя. У 2022 годзе традыцыю вырашылі прадоўжыць. Гэтым разам стаць аўтарамі прапанавалі розным прадпрыемствам горада.
Здавалася б, пераўтварыць звычайныя рэчы ў арт-аб’екты — цудоўная ідэя. Але свет паляпшаюць не задумы, а іх рэалізацыя. А тут выявіліся пэўныя праблемы.
Толькі лічаныя экзэмпляры лаў можна ацаніць станоўча. Большасць жа належыць да адной з дзвюх катэгорый. Лаўкі першай вызначаюцца сумнеўнымі эстэтычнымі якасцямі. На лаўкі, што належаць да другой катэгорыі, паглядзець часам прыемна, ды толькі карыстацца імі па прызначэнні цяжкавата. Як усядзець на лаве, што гушкаецца, як арэлі, ці схіляецца ўніз?
Зашыфраваць слова «Гомель» у зэдліку — цікава. Але такі зэдлік больш прыдатны, каб запосціць яго ў Інстаграм, а не каб выкарыстоўваць па прызначэнні.
Не магу не ўзгадаць лаву, якая адразу стала мемам для жыхароў мікрараёна. Літары «Х», «У» і «Z» спачатку ніяк не замацавалі, таму тутэйшыя гумарысты рэгулярна пераварочвалі «зэд» і складалі зусім іншае слова. Камунальшчыкам увесь час даводзілася прыводзіць лаву ў цэнзурны стан, таму праз нейкі час літары забетанавалі.
Як вам падаецца, калі на алеі, дзе шпацыруюць у асноўным маці з маленькімі дзеткамі, устанавіць лаву з педагагічным ухілам, чаму можна вучыць? Літарам і лічбам, сузор’ям ці літаратурным персанажам? Магчыма, але гэта не пра Гомель. Па тутэйшых паняццях галоўнае, што павінны ведаць малечы — гэта Другая сусветная вайна.
Дарэчы, падобна, што гэты «помнік» будаваўся для атлантаў, а не для людзей: вышыня ў лавы гэткая, што з камфортам тут размесціцца толькі асоба, вышэйшая за 170 см. А дзеткі дык і ўвогуле не здолеюць ускараскацца без дапамогі бацькоў.
Некатарыя новыя лавы можна назваць цалкам годнымі. Яны і эстэтычныя, і камфортныя. Але частка з гэтых месцаў адпачынку выклікае пытанні па функцыянале.
Галоўная праблема такіх лаў у тым, што не ўлічана суразмернасць розных частак цела чалавека. Так, у некаторых лаў месца для сядзення вельмі шырокае, а спінка выключна дэкаратыўная, так што скарыстацца ёй па прызначэнні не атрымаецца.
Каб праекты рабіла асоба, абазнаная ў дызайнерскіх трэндах, то яна б ведала, што так званы стыль «лофт» ужо зусім не актуальны і хутка стане ўспрымацца гэтак жа негатыўна, як цяпер успрымаюцца некалі папулярныя еўрарамонты. Дарэчы, вытворцы мэблі прэміум-класа нават на піку папулярнасці гэтага псеўдастылю не ўводзілі лофт-рэчы ў калекцыі, бо разумелі, што прамавугольныя рубленыя формы не з’яўляюцца камфортнымі для чалавека.
Але лавы для Фестывальнага праектавалі не прафесійныя мэбельшчыкі, а рознагаліновыя прадпрыемствы.
Стымуляваць гараджан да актыўнага ўключэння ў вырашэнне ўрбаністычных пытанняў, безумоўна, трэба. Але, на наш погляд, такое ўключэнне добрае там, дзе не трэба мець нейкія спецыфічныя веды. Справы ж, якія патрабуюць грунтоўнага падыходу ды пэўнага досведу, варта давяраць прафесіяналам.