У Беларусі запусцілі «Мапу дапамогі»

«Мапа дапамогі» будзе акумуляваць кантакты людзей, якія гатовыя дапамагчы падчас пандэміі, а таксама тых, каму гэтая дапамога патрэбная.

mapa_dapamohi.jpg


Пра гэта распавёў стваральнік мапы, брэсцкі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Юрый Казакевіч pyx.by.

«У сувязі з эпідэміяй, надыходзяць цяжкія часы, і, як бы старанна ні клапацілася пра нас “дзяржава для жыцця”, нам неабходна самім падумаць пра сябе. У першую чаргу пра старых, малазабяспечаных, проста слабых людзях і, вядома ж, пра лекараў — людзей, якія знаходзяцца на пярэднім краі», — адзначыў Казакевіч.

Па ягоных словах, для каардынацыі нізавых ініцыятыў і ўзаемадапамогі беларусаў створана інтэрактыўная гугл-мапа — «Мапа дапамогi». На ёй ужо ёсць і будуць пастаянна дадавацца кантакты людзей і арганізацый, якія маюць патрэбу ў дапамозе, і каардынаты тых, хто гэтую дапамогу можа аказаць.

Для папаўнення кантактаў існуюць некалькі гугл-формаў.

— для тых, хто можа дапамагчы

— для тых, каму патрэбная дапамога

Заяўкі таксама можна пакідаць у Тэлеграм-чаце, прысвечанаму дапамозе пад час пандэміі.

«Мапа дапамогі» даступная тут

«Салідарнасці ў звычайныя дні мала, але пры гэтым усё ж такі нямала людзей спагадных і гатовых дапамагаць. Прыклад — добрыя зборы грошай на розных платформах, і гэта пры тым, што яшчэ толькі пачатак падзей», — адзначыў Казакевіч.

Па ягоных словах, у планах звяртацца не толькі да ўсіх, але і кропкава да ўладальнікаў піцэрый, аптэк і г.д., да людзей, якія могуць даць, напрыклад, грошы на паліва для машыны, на якой развоз вырабляецца.

«У выніку крызісу пад час пандэміі шмат людзей збяднее (ужо цяпер такія ёсць і многія “на падыходзе”) — вось з імі праблема. Ім наўрад ці можна разлічваць на дапамогу, таму што гэта з выгляду абсалютна здаровыя людзі. Але, калі дзяржава своечасова не адрэагуе, то цалкам можа атрымаць натоўп злых і галодных на прыступках гарвыканкамаў», — лічыць абласны каардынатар Руху.

І тады салідарнасць у пытаннях выжывання цалкам можа перарасці ў салідарнасць грамадска-палітычнага характару, дадаў Казакевіч. «Ну, а пакуль мы займаемся арганізацыяй узаемадапамогі ў пытаннях шыцця масак, дастаўкі лекаў або прадуктаў, выгулу сабак і г.д. Час паставіць новыя задачы. Увогуле, я яшчэ веру ў нас, беларусаў», — заключыў актывіст.

 Вольга Быкоўская, pyx.by