У Беларусі для сілавых структур узмацнілі ўмовы захоўвання зброі
Лукашэнка падпісаў указ аб узмацненні ў сілавых структурах умоў захоўвання зброі, каб выключыць магчымы доступ да яе трэціх асоб.
Як адзначаецца ў апублікаваным указе ад 17 сакавіка, гэта датычыцца Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
У прыватнасці, новы парадак абарачэння баявой, службовай, грамадзянскай зброі і боепрыпасаў прадугледжвае неабходнасць іх захоўвання толькі ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, якія «забяспечваюць захаванасць, бяспеку іх захоўвання і выключаюць доступ да іх старонніх асоб».
Калі такія памяшканні адсутнічаюць, згаданыя структуры мусяць перадаць сваю зброю на захаванне ў найбліжэйшыя падраздзяленні сваіх структур, у якіх такія спецыяльныя памяшканні ёсць, ці перадаць у органы ўнутраных спраў або памежнай службы.
Паводле «РС».