У адказ на санкцыі ЕС беларускія ўлады перагледзяць адукацыйныя і культурныя праграмы
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, якія меры прыме афіцыйны Мінск у адказ на «трэці пакет» санкцый Еўрасаюза.
![makiej_2212.jpg makiej_2212.jpg](/img/v1/images/makiej_2212.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перш за ўсё, па яго словах, будзе павялічаны «чорны спіс» прадстаўнікоў ЕС. «Гэта азначае, што шэраг дадатковых персон з краін Еўрасаюза не змогуць трапіць на тэрыторыю Беларусі і на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы, з улікам таго, што ў нас гэты спіс аднолькавы з Расійскай Федэрацыяй», — перадае словы міністра Еўрарадыё са спасылкай на прэс-службу МЗС.
Таксама пад санкцыі Беларусі трапяць міжнародныя фонды і разнастайныя адукацыйныя ды культурныя праграмы.
«Прынята рашэнне пра абмежаванне дзейнасці шэрагу палітычных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама аб пераглядзе рэалізацыі шэрагу так званых гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі, у тым ліку дзеючыя і пад эгідай амбасадаў замежных дзяржаў», — заявіў кіраўнік беларускай дыпламатыі.
Ён дадаў, што меры з боку Беларусі будуць прынятыя яшчэ як мінімум па трох напрамках.
Таксама Макей паведаміў, з якой мэтай у Беларусь прыязджаў папскі нунцый кардынал Клаўдыё Гуджэроці. Тэмай перамоваў нунцыя з Лукашэнкам была сітуацыя з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Як вядома, беларускія ўлады з верасня не даюць кіраўніку беларускіх католікаў вярнуцца на радзіму.
«Зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да Папы Рымскага і са сваіх асабістых добрых адносін, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач просьбе Папы Рымскага і даць адпаведнае даручэнне знайсці рашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў», — патлумачыў міністр.
Варта адзначыць, што з Папам Францыскам Лукашэнка сустракаўся толькі адзін раз — у 2016 годзе, сустрэча доўжылася 25 хвілін.