У 2017 годзе Беларусь закупіць у Расіі знішчальнікі Су-30СМ і мінамёты «Нона»

Летась для ўзброеных сіл Беларусі было закуплена больш за 250 новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі.

55fb0293_b785_467b_8937_f08144596efb_cx7_cy0_cw85_w987_r1_s_r1.jpg


Пра гэта паведаміў начальнік узбраення генэрал-маёр Ігар Лацянкоў у інтэрвію газэце «Во славу Родины».
У ліку набытага — вучэбна-баявыя самалёты «Як-130», транспартна-баявыя верталёты «Мі-8», комплексы радыёманіторынгу, ракетныя сыстэмы залпавага агню «Паланэз», радыёлакацыйныя станцыі «Праціўнік-Г» і «Усход-Д», батарэя «Тор-М2» і іншае.
Паводле Лацянкова, у 2017 годзе асноўныя намаганні плануецца скіраваць на развіццё сістэм узбраення ваенна-паветраных сілаў, супрацпаветранай абароны, выведкі, радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і сілаў спецыяльных аперацый.
«У 2017 годзе заплянаваная закупка самалётаў «Су-30СМ», комплексаў радыёманіторынгу, 120-мм мінамётаў 2Б23 «Нона-М1», беспілотных авіяцыйных комплексаў рознага прызначэння, а таксама серыйная мадэрнізацыя БТР-70МБ1», — заявіў генэрал.
Акрамя таго, плянуецца капітальны рамонт шэрагу верталётаў, самалётаў і танкаў. У 2017 таксама плянуецца завяршыць працу ў стварэнні беларускіх лёгкабраняваных аўтамабіляў «Кайман, «V-1», «Віцім».
Прыканцы 2016 году камандуючы ваенна-паветранымі сіламі Беларусі Алег Дзвігалёў ужо заяўляў пра намер закупіць не менш як эскадрыллю расійскіх знішчальнікаў Су-30СМ. Гэты самалёт, паводле Дзвігалёва, «добра праявіў сябе ў сірыйскім канфлікце».
Мінамёты 2Б23 «Нона-М1» знаходзяцца на ўзбраенні расійскай арміі з 2007 году.
Паводле svaboda.org