Расія не прызнае пашпартоў ДНР і ЛНР
Расія афіцыйна не прызнавала пашпарты асоб, што пражываюць на тэрыторыі ЛНР І ДНР. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
За дзень да
гэтага выданне РБК апублікавала расследаванне, дзе гаварылася, што па пашпартах
непрызнаных Данецкай і Луганскай "народных рэспублік" можна перасекчы
мяжу з Расіяй, набыць білет на цягнік, лётаць унутранымі рэйсамі, а таксама
браніраваць гасцініцы.
"Гэта не афіцыйнае прызнанне пашпартоў, гаворка ідзе пра асобныя рашэнні, якія маглі прымацца муніцыпальнымі, мясцовымі органамі ўлады, а таксама рознымі кампаніямі, зыходзячы выключна з гуманітарных меркаванняў, кіруючыся неабходнасцю сапраўды гуманітарнай дапамогі гэтым людзям", — пракаментаваў Пяскоў гэтую інфармацыю.
На яго думку, у жыхароў Данбаса папросту прыходзяць у непрыдатнасць дзеючыя ўкраінскія пашпарты, і ў іх няма магчымасці атрымаць якія-небудзь іншыя дакументы.
"Зыходзячы з гэтых гуманітарных меркаванняў, такія сітуацыі сапраўды магчымыя", — сказаў ён.
Самаабвешчаныя рэспублікі на ўсходзе Украіны не атрымалі прызнання з боку ні адной дзяржавы-чальца ААН. Незалежнасць ДНР і ЛНР прызнала толькі Паўднёвая Асеція (рэспубліка, якія адкалоліся ад Грузіі і сама атрымала прызнанне толькі Расіі, Венесуэлы, Нікарагуа і Науру).
Паводле ВВС