Шушкевіч: Выхад Беларусі з «саюзнай дзяржавы» будзе карысны і ў Маскве, і ў Мінску
Стасункі паміж дзвюма краінамі павінны будавацца на ўзаемнай павазе, а не на пазёрстве. Пра гэта першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў у інтэрв'ю расійскаму выданню «Коммерсантъ».
Фота: Euroradio
— Улічваючы пастанову Расіі пра арганізацыю памежнага кантролю і паведамленні СМІ пра магчымы выхад Беларусі з «саюзнай дзяржавы» і АДКБ, як можна ахарактарызаваць цяпер стасункі Масквы і Мінска?
— Справа ў тым, што не трэба займацца пазёрствам. «Саюзная дзяржава» — гэта абсалютная лухта. Разумееце, гэта глупства, гэта пасадачныя месцы для непатрэбных людзей, якія выйшлі ў тыраж, як гаворыцца. Ніводны праект гэтай так званай «саюзнай дзяржавай» не зроблены, ніводнай карыснай справы ёй не зроблена. Гэта была палітычная акцыя, каб падтрымаць Лукашэнку, — усе ворагі Расіі тут, а ён вялікі сябар. А цяпер высвятляецца, што ўсе нармальныя людзі, усе, як заўсёды, добра ставіліся да расіян, і ставяцца па-ранейшаму, і хочуць сябраваць з Расіяй. А Лукашэнка праводзіць дзікую эканамічную палітыку, якая заганяе Беларусь у запазычанасці, і ён баіцца яе змяніць, таму што гэта будзе пагражаць ягонай ўладзе. Таму пачынаецца пазёрства. Ён робіць вінаватай ва ўсім Расію — маўляў, Расія вінаватая ў тым, што ў Беларусі вялікая запазычанасць за газ, яна не хоча мяняць цану, каб дагадзіць Лукашэнку, таму Расія дрэнная. І ён усім паказвае, які ён незалежны, як ён з Масквой змагаецца. Глупства гэта, Расія можа яго імгненна паставіць на месца, наогул выкінуць з палітычнай калоды. І наогул, па-мойму, даўно ўжо час Расіі гэта зрабіць.
— Якім вы бачыце будучыню расійска-беларускіх стасункаў з улікам гэтай гіганцкай запазычанасці?
— Я бачу будучыню беларуска-расійскіх стасункаў як годнае ўзаемадзеянне дзвюх незалежных дзяржаў, калі людзі адзін аднаго паважаюць і любяць. Ніякіх супрацьпаказанняў для гэтага не было і няма. Але ёсць тыя, хто шкодзіць вось такім стасункам.
— Але ці магчыма пагаршэнне стасункаў, абвастрэнне на фоне апошніх заяваў, падзей?
— Уладзімір Пуцін ужо яму раз сказаў, што час аддзяляць мух ад катлет. І тут ён павінен сказаць, што пара перастаць блытаць вашу дурноту і нашы дзеянні. Я не бачу ніякіх падстаў для абвастрэння. У Беларусі няма ворагаў Расіі, і не будзе сярод насельніцтва. А калі ёсць «лукашэнкі», трэба, напэўна, неяк да іх належным чынам паставіцца. Акрамя таго, вы задалі пытанне пра АДКБ. АДКБ — гэта парушэнне нашай Канстытуцыі. У нас імкненне да нейтральнасці, а АДКБ — гэта вайсковы саюз. Але Лукашэнка ва ўгоду Расіі на гэта пайшоў. А Расія яму ўсё даруе, яна апякуецца. Калі б не Расія, ён бы ўжо даўно не быў кіраўніком дзяржавы.
— Так, ёсць добрыя стасункі паміж грамадзянамі дзвюх краін, але цяпер палітыкі шмат у чым вызначаюць атмасферу. Якой гэтая атмасфера можа быць у выніку?
— Гэта ўсё пагражае некаторымі непрыемнасцямі. Але я думаю, невялікімі, таму што ў Беларусі такіх, як Лукашэнка, вельмі мала. І справа ў тым, што яны хочуць вельмі шмат чаго, атрымаўшы ўладу. Яны хочуць больш, чым дазваляе беларуская эканоміка і эфект іх кіравання. У Расіі істотна большая лібералізацыя эканомікі, чым у Беларусі. Лукашэнка будзе бравіраваць, рабіць выгляд, што ён незалежны. Але ён вельмі моцна залежым ад Расіі. І наўрад ці хто-небудзь яго падтрымае ў якіх-небудзь антырасійскіх пачынаннях.
— Але калі ў выніку будзе прынятая пастанова пра выхад з АДКБ і «саюзнай дзяржавы»?
— Я думаю, што гэта будзе аднолькава карысна і для Расіі, і для Беларусі. Пры гэтым у Расіі досыць вялікія магчымасці ў частцы крокаў у адказ.