Тэмпературныя рэкорды пабіты 10 лістапада па поўначы Беларусі
Тэмпературныя рэкорды пабіты 10 лістапада ў некаторых населеных пунктах па поўначы Беларусі, паведамляе zviazda.by
"У Беларусі 10 лістапада захоўвалася вельмі цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай на 6–11 градусаў вышэйшай за кліматычную норму. Самая высокая тэмпература была ў Жыткавічах Гомельскай вобласці — плюс 15 градусаў. Але тэмпературныя рэкорды адзначаны ў паўночнай частцы краіны. На метэастанцыі ў Бярэзінскім запаведніку слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 12,6 градуса цяпла. Папярэдні рэкорд для гэтай метэастанцыі складаў плюс 11,9 градуса ў 2010 годзе", — сказалі ў Белгідрамеце.
Таксама тэмпературныя максімумы адзначаны ў Верхнядзвінску — 12,7 градуса вышэй за нуль (раней было плюс 11,1), Докшыцах — 12,1 градуса цяпла (плюс 11,5), Лынтупах — 11,8 градуса вышэй за нуль (плюс 10,6), Шаркаўшчыне — 12 градусаў цяпла (плюс 11,3). Усе папярэднія рэкорды датаваліся 2010 годам.