Італьянцы “пракінулі” “мірны атам”. А мы?

Зусім нечаканы для кіраўніцтва італьянскага ўраду вынік даў апошні рэферэндум, які днямі адбыўся ў гэтай краіне. Па-першае, італьянцы пазбавілі свайго прэм’ера Сільвіа Берлусконі недатыкальнасці. Па-другое, італьянцы прагаласавалі за адмову ад атамнай энергетыкі.

Зусім нечаканы для кіраўніцтва італьянскага ўраду вынік даў апошні рэферэндум, які днямі адбыўся ў гэтай краіне. Па-першае, італьянцы пазбавілі свайго прэм’ера Сільвіа Берлусконі недатыкальнасці. Па-другое, італьянцы прагаласавалі за адмову ад атамнай энергетыкі.
Прэм’ер Італіі быў вымушаны прызнаць сваю паразу. Дарэчы, урадоўцы заклікалі насельніцтва не хадзіць на плебісцыт, але ўпершыню за некалькі дзясяткаў год удзел у рэферэндуме ўзяло больш за палову выбаршчыкаў (57 адсоткаў), якія сваімі галасамі далі ўраду Берлусконі – сябра беларускага прэзідэнта - поўны адлуп.
Яшчэ летась Сільвіа Берлусконі разам з не менш амбітным, чымся італьянскі прэм’ер, прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі падпісалі міждзяржаўнае пагадненне пра будаўніцтва ў Італіі французскімі кампаніямі чатырох (!) атамных электрастанцый, якія мусілі быць уведзены ў эксплуатацыю да 2022 года. Цяпер такі аблом, у тым ліку і для атамнага лобі!
Крыху раней, без усялякіх плебісцытаў, рашэнне аб адмове ад атамнай энергетыкі прыняў урад Германіі на чале з канцлерам Ангелай Меркель, хоць яшчэ зусім нядаўна той жа самы ўрад вырашыў працягнуць тэрміны эксплуатацыі нямецкіх АЭС да 2030 году. Цяпер апошняя, самая новая атамная станцыя ў ФРГ будзе зачынена ў 2022 годзе. Аналагічныя рашэнні гатовы прыняць і кіраўніцтвы іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Сёлетняя трагедыя на японскай атамнай электрастанцыі “Фукусіма-1 прымусіла задумацца пра небяспеку АЭС увесь цывілізаваны свет. І толькі Беларусь, дакладней, яе кіраўніцтва, нібы з пісанай торбаю, носіцца з ідэяй будаўніцтва на экалагічна чыстай Астравеччыне ўласных рэактараў. Ні грошай для рэалізацыі гэтага мегапраекта, ні вялікай неабходнасці ў беларускай АЭС няма, але амбіцыі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў пераважаюць здаровы сэнс. Гісторыя катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, ад якой менавіта Беларусь пацярпела найбольш у свеце, некаторых, відаць, нічому так і не навучыла. Як і трагедыя на “Фукусіме-1.
Відаць, хтосьці так і не збіраецца павесці “свой народ за цывілізаваным светам.