Што вядома пра чалавека, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці
Чалавек, які сёння падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці ў Мінску — 35-гадовы мінчук Павел Банькоўскі, піша «Наша Ніва». Яго адвезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, у яго больш за 50% апёкаў.
Мінчук Павел Банькоўскі падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці. Яго адвезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, у яго больш за 50% апёкаў.
Што гэта за чалавек? Cацыяльныя сеткі Паўла абнаўляліся нячаста, на старонцы «УКантакце» некалькі рэпостаў з «Нашай Нівы» і «Радыё Свабода» за 2015 год. Некаторыя каменты пісаў па-руску, некаторыя — па-беларуску.
Шмат здымкаў з сям'ёй — з жонкай, дзецьмі. На моры, у лесе, на шашлыках… Асобны пласт фота — з рыцарскіх фэстаў. У 2000-я Павел актыўна прымаў у іх удзел.
«Наша Ніва» пагаварыла з Кацярынай Банькоўскай. Як аказалася, былой жонкай.
«Я не разумею, што адбываецца, зараз паеду ў бальніцу. Але там мне сказалі, што дакументаў пры ім не было», — кажа жанчына. Яна яшчэ трохі спадзяецца, што гэта памылка.
Але калі спаліў сябе сапраўды яе былы муж, то што магло быць прычынай?
«Апошнім часам у яго быў цяжкі перыяд. Мы ў разводзе са жніўня — не па палітычных прычынах.Усё гэта яшчэ магло здарыцца таму, што ён перажываў, што сям’ю падводзіць. Бо п’е і не можа справіцца з гэтым.Але чаму ён пайшоў на плошчу — я не разумею ўвогуле».
Павел працаваў кіроўцам. Апошнім часам, па словах былой жонкі, жыў то ў сяброў, то ў сваёй маці, то яшчэ недзе.
«З мамай Паўла я гаварыла — яна таксама нічога не ведае», — кажа жанчына.