Шэсць год калоніі запрасіў пракурор для палітвязня Віталя Барысевіча
У судзе Ленінскага раёна Мінска 11 сакавіка распачаўся працэс над палітвязнем Віталём Барысевічам. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік.
Віталя Барысевіча затрымалі 24 лістапада 2021 года. Да суда
ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, паведамляюць праваабаронцы.
Па папярэдняй інфармацыі, у тэлеграм-канале МУС Беларусі
з'явілася паведамленне пра тое, што Віталь нібыта ў жніўні 2020 года прымаў
актыўны ўдзел у масавых беспарадках у раёне гандлёвага цэнтра «Рыга».
«Разам з іншымі агрэсіўна настроенымі ўдзельнікамі
здзяйсняў пагромы і знішчаў маёмасць: ламаў тратуарную плітку, узводзіў
барыкады, перакрываў рух транспарту», — паведамляла ведамства.
Вядома, што ў першы дзень судовага пасяджэння абвінавачанне
запрасіла для Віталя пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на
6 год.
Судовае пасяджэнне працягнецца ў панядзелак, 14 сакавіка.