Памятаеце палітвязня, які заліў мантажнай пенай дзверы міліцыянткі? Яго дэпартавалі з Беларусі
Палітвязень Ігар Капанайка выйшаў з калоніі на волю. Яго дэпартавалі з Беларусі, паведамляюць праваабаронцы.
Ігар Капанайка — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, але мае
від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсіянер. Яго абвінавацілі па арт. 339 КК
(«Хуліганства») і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім
службовых абавязкаў»). З матэрыялаў следства вядома, што 13 лістапада 2020 года
мужчына ў пад'ездзе аднаго з дамоў Мінска заліў мантажнай пенай уваходныя
дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных спраў, запеніў механізм замка
дзвярэй і паштовую скрыню. Акрамя таго, на паштовай скрыні Ігар напісаў фразу,
якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі.
Мужчына расказаў, што яго раззлаваў каментар міліцыянткі
наконт смерці Рамана Бандарэнкі і гэта стала прычынай яго ўчынку. Ігару
прысудзілі 1,5 гады калоніі.
12 сакавіка скончыўся
тэрмін адбыцця пакарання, і Капанайка выйшаў на волю. Яго адразу адвезлі на мяжу
з Расіяй для дэпартацыі.