Святлана Ціханоўская звярнулася да суддзяў: вашымі рукамі здзяйсняюць асабістую помсту

Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграме выказалася пра справу Сяргея Ціханоўскага і паабяцала не спыняцца, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні.

Фота t.me/tsikhanouskaya

Фота t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская напісала ў сваім тэлеграме: 

«Абвінавачанні Сяргею — гэта не суд, а расправа. Суддзям, следчым і пракурорам, якія збіралі гэтую справу, хачу сказаць: я разумею, што пры тым рэжыме вы ўжо нічога не вырашаеце. Але вашымі рукамі цяпер здзяйсняюць асабістую помсту — помсту чалавеку, які стаў сапраўдным лідарам беларусаў.

Сяргей не здаецца і не здасца. Ён ведае, што беларусы працягваюць барацьбу, і разумее, што ўсе, хто прайшоў праз палітычныя прысуды і пераследы, будуць рэабілітаваныя. Сяргей перадае пасланні нашым дзецям, піша сцэнары да фільмаў пра Беларусь і застаецца свабодным духам чалавекам у любых умовах. Я ведаю: ён хоча, каб мы не спыняліся. І мы не спынімся, пакуль не даможамся вызвалення ўсіх палітвязняў».

Нагадаем, сёння, 11 сакавіка, Сяргею Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Арганізацыя масавых беспарадкаў», «Распальванне сацыяльнай варожасці», «Перашкода працы ЦВК»; «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.