Студэнтаў ПДУ, што пагаліліся нагала ў знак салідарнасці з палітвязнямі, выклікалі ў пракуратуру

Студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія пагаліліся нагала ў знак салідарнасці з палітвязнямі, 11 сакавіка выклікалі ў пракуратуру. Маладых людзей папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне КаАП.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

У флэшмобе #свабодустудэнцтву прынялі ўдзел чатыры студэнты, з іх дзве дзяўчыны — Ганна Багданава і Аляксандра Бука — не хавалі прозвішчаў.
 У пракуратуры нам не пагражалі, але папярэдзілі пра адказнасць за заклікі да масавых мерапрыемстваў або ўдзел у іх, — паведамілі TUT.BY студэнты.
Студэнтаў азнаёмілі з артыкуламі з абноўленага КаАП, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка.


Студэнты тлумачаць, што на флэшмоб #свабодустудэнцтву іх натхніў учынак Арцёма Лук'яненкі з гурта «Naviband», які пагаліўся нагала ў знак салідарнасці з палітвязнямі.
Раней да флэшмобу далучыліся студэнты БДУІР, БДТУ, БДУ і ГрДУ.
Нагадаем, студэнты ПДУ і раней сустракаліся з прадстаўнікамі пракуратуры. У кастрычніку яны запісалі відэазварот супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі пасля выбараў. Неўзабаве ўсіх удзельнікаў гэтага роліка выклікалі на размову да пракурора Наваполацка Анатоля Аўсюка.