Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне — яму пагражае 15 гадоў зняволення
Сяргею Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Еўрарадыё».
Галоўнае Следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара аргкамітэта партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча ды іншых асоб. Пра гэта паведаміла прэс-служба СК.
Следства лічыць, што ўсе яны доўгі час «актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў поствыбарчы перыяд».
Сяргею Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»);
130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»);
191 («Перашкода працы ЦВК»);
342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
Следчыя заяўляюць, быццам Ціханоўскі праз свой Youtube-канал «Краіна для жыцця» і аднайменны тэлеграм-канал «адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама сваімі выказваннямі распальваў сацыяльную варожасць і розніцу ў грамадстве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці».
Сцвярджаецца, што праз тэлеграм-каналы адбывалася маніпуляванне грамадскай свядомасцю: «Дзясяткі чалавек розных узроставых груп, натхнёныя іх заклікамі і паверыўшы ў сваю беспакаранасць, прымалі актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, масавых беспарадках, ужывалі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і панеслі за свае дзеянні пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам».
Следчыя сцвярджаюць, быццам Ціханоўскі перашкаджаў працы Цэнтрвыбакрама «шляхам пагроз на адрас старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай». Пагрозай яна палічыла прапанову Ціханоўскага ў траўні 2020-га зладзіць выбарчы пікет каля яе дома і «заадно зайсці да яе ў госці».
Гродзенскі пікет па зборы подпісаў, на якім Ціханоўскага затрымалі, таксама стаў адным з пунктаў абвінавачання: «Выяўлена, што таксама ў траўні мінулага года ў Гродне абвінавачаныя арганізавалі пад выглядам пікету па зборы подпісаў незаконнае масавае мерапрыемства, якое суправаджалася грубымі парушэннямі грамадскага парадку, гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады».
Следчыя заявілі, што дапыталі абвінавачаных, сведак, пацярпелых. Таксама яны агледзелі больш за 160 адзінак тэхнікі, дзе выявілі перапіску, відэазапісы, фотаздымкі, «якія пацвярджаюць дачыненне абвінавачаных да ўчынення злачынстваў». Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя больш за 70 экспертыз.
Шкоду ад дзеянняў Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў ацэньваюць больш як на 3,5 мільёны рублёў. Таму на маёмасць і грашовыя сродкі абвінавачаных накладзены арышт.
«Цяпер выконваюцца працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на заканчэнне расследавання і азнаямленне ўдзельнікаў з матэрыяламі крымінальнай справы», — паведамляе прэс-служба СК. Гэта значыць, у суд справа яшчэ не перададзеная.
Дарэчы, над некаторымі паплечнікамі Ціханоўскага суды ўжо адбыліся — па ўсіх іх вынесеныя абвінаваўчыя прысуды.