Святлана Ціханоўская — пра вызваленні па «справе «Прэс-клуба»: пакуль гэта гандаль, а не перамены

Лідар дэмакратычных сіл Беларусі і экс-кандыдат у прэзідэнты адрэагавала на сённяшняе вызваленне супрацоўнікаў «Прэс-клубу».

58322104_303.jpg

— Сённяшняе вяртанне дадому Юліі Слуцкай, Пятра Слуцкага, Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага стала вялікай радасцю для ўсіх нас, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Вядома, вы ведаеце, што ў апошні час у рэжыму сталі з'яўляцца размовы пра «памілаванне» палітвязняў. Ім прапануюць пакаяцца і прызнаць сваю віну ў абмен на амністыю. Хтосьці прыме гэтую прапанову, хтосьці адмовіцца — гэта асабісты выбар кожнага. Выхад любога невінаватага чалавека — гэта добрая навіна, і мы не маем права ацэньваць такое рашэнне.

Але мы павінны памятаць, што наша задача — не даць паверыць сабе і цэламу свету, што выпусціць некалькі чалавек — гэта ўжо рашэнне крызісу і дыялог з народам. Наша задача — вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах. Гэта нават не 630 чалавек са спісаў праваабаронцаў — гэта тысячы людзей, без віны затрыманых і асуджаных. Мы не дапусцім гандлю іх лёсамі. Мы не дапусцім імітацыі выхаду з крызісу, бо мы ведаем, як выглядае сапраўдны выхад з яго: гэта свабода ўсім невінаватым і новыя выбары. І ў нашай каманды ўжо гатовыя рашэнні, як правесці рэабілітацыю і арганізаваць празрыстыя выбары за 60 дзён.

А цяпер, дарагія беларусы, наша з вамі задача — не даць сябе падмануць. Мы ўжо прайшлі доўгі шлях да свабоды — і зможам дайсці да перамогі толькі разам, з адзінай пазіцыяй. Нават калі выйдуць дзясяткі, сотні людзей, за кратамі застаюцца тысячы — і мы не пойдзем на кампрамісы, не дапусцім ніякіх здзелак з рэжымам, не павядземся на ілюзію вызвалення.

Памятайце: хатняя хімія, падпіска аб нявыездзе, хатні арышт або любая абмежавальная мера — гэта не свабода. Пакуль чалавек цалкам не рэабілітаваны, ён усё яшчэ закладнік. У закладніках яго бацькі і дзеці, калегі і сябры, якіх прымушаюць маўчаць, шантажуючы яго арыштам. Пакуль усе нявінныя людзі не выйшлі з турмы — гэта гандаль, а не перамены. Бо тое, што адбываецца ў нашай роднай краіне — гэта тэрор, а ў яго не бывае адлігі. Таму мы з вамі павінны быць настойлівыя і паслядоўныя. І тады разам мы зможам дамагчыся свабоды для ўсіх.